«Ён хворы на гіпэртанію і арытмію. Ён сказаў, што апошнім часам у яго вельмі часта высокі ціск. У верасьні яму зрабілі апэрацыю ў турэмным шпіталі. Выразалі язвы, якія ўтварыліся на скуры. Ён сказаў мне, што нават набраў вагу за тыдзень у турэмным шпіталі. Што да вачэй, то ён мне нічога не сказаў, таму мне цяжка меркаваць. Аднак вядома, што ў калёніі зрок пагаршаецца ўва ўсіх», — паведаміла Анжаліка Борыс у інтэрвію польскаму выданьню Newsweek.
Паводле яе, Анджэй Пачобут важыць 73 кіляграмы. «Ён вельмі худы, але папраўчая калёнія — гэта турма, а не санаторый. У Наваполацку ўсе зьняволеныя выглядаюць аднолькава», — адзначыла яна.
Анжаліка Борыс таксама паведаміла, што Анджэй Пачобут ня меў спатканьняў з сваякамі. «Я адзіная, каму дазволілі наведаць яго. Анджэй пакуль ня бачыў нікога з сваёй сям’і, але сказаў мне, што рэгулярна піша лісты жонцы», — дадала яна.
23 верасьня Эўрапейскі парлямэнт абвясьціў кандыдатаў на прэмію Сахарава 2025 году, якую прысуджаюць за заслугі ў абароне правоў чалавека. Сярод намінантаў — беларускі палітвязень, журналіст і сябра Саюзу палякаў Беларусі Анджэй Пачобут.
Яго кандыдатуру вылучылі дзьве ўплывовыя групы Эўрапарлямэнту — Эўрапейская народная партыя і Эўрапейскія кансэрватары і рэфарматары.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускага палітвязьня Анджэя Пачобута намінавалі на прэмію СахараваАнджэя Пачобута затрымалі 25 сакавіка 2021 году. У пачатку лютага 2023 году Пачобута асудзілі на 8 гадоў зьняволеньня паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу: 361 — «заклікі да дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь» і 130 — «распальваньне варожасьці або звады». Працэс над журналістам, сябрам Саюзу палякаў Беларусі Пачобутам праходзіў у закрытым рэжыме.
Ужо больш за два гады Анджэя Пачобута трымаюць у наваполацкай калёніі № 1. Там яго накіравалі працаваць на адну з самых шкодных для здароўя вытворчасьцяў — на ачыстку ад ізаляцыі медных дратоў. Вядома, што палітвязьня зьмяшчалі ў ШЫЗА і «памяшканьне камэрнага тыпу» (ПКТ). Паводле зьвестак праваабаронцаў, Анджэя Пачобута каралі ў тым ліку за адмову працаваць на шкоднай вытворчасьці.
«Фэльчар адмовілася падпісаць даведку, што яго паводле стану здароўя можна ўтрымліваць ва ўмовах ПКТ, бо пры аглядзе быў зафіксаваны зрыў рытму сэрца і ціск 190/140. Але на наступны дзень прыйшоў больш дасьведчаны мэдык, лекар-тэрапэўт, і, падпісаўшы даведку, адправіў яго ў ПКТ», — апавядала пра пакараньне Пачобута ў калёніі ягоная сваячка ў сацсетках у жніўні 2023 году.
Паводле сваякоў журналіста, у зьняволеньні ён надалей цярпіць ад праблемаў з сэрцам і ціскам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Борыс паведаміла, што палітвязень Анджэй Пачобут тыдзень правёў у шпіталі