Для атак плянавалася выкарыстаць дроны і бляшанкі з-пад кіяхоў, дзе насамрэч была моцная выбухоўка. Бляшанкі знайшлі на могілках у Літве, піша Gazeta Wyborcza.
Польская спэцслужба ABW і Нацыянальная пракуратура агучылі высновы, зробленыя на пачатку расьсьледаваньня.
Газэта цытуе суразмоўцу — прадстаўніка спэцслужбаў:
«Адна з вылучаных вэрсіяў кажа пра тое, што расейская спэцслужба ГРУ рыхтавала тэрарыстычныя акты з ужываньнем дронаў і бляшанак, у якіх замест кіяхоў быў магутны выбуховы матэрыял».
Тэрарыстычныя акты плянавалі на тэрыторыі трох краін — Польшчы, Літвы і Нямеччыны. Спэцслужбы затрымалі Ўладзіслава Г. — меркаванага агента расейскай выведкі. Паводле вэрсіі спэцслужбаў Польшчы, ён меўся перавозіць бляшанкі з выбухоўкай. Пры ім знайшлі SIM-карткі і дэталі дронаў. Уладзіславу Г. пагражае пажыцьцёвае зьняволеньне.
Польскія спэцслужбы праводзяць расьсьледаваньне, каб выявіць усіх, хто мог мець дачыненьне да патэнцыйнай пагрозы бясьпецы Польшчы.
Пракуратура Польшчы плянуе скончыць расьсьледаваньне да канца 2025 году.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расьсьледаваньне: расейскія дывэрсанты ледзь не ўчынілі выбухі ў жылым доме ў Вільні