У Беларусі тры гады запар зьніжаецца ўжываньне алькаголю

Пладова-ягаднае віно

Сярэдні беларус старэйшы за 15 гадоў спажывае ў сярэднім 11,1 літраў чыстага спірту ў год у складзе розных напояў. З гэтага аб’ёму на незарэгістраваны алькаголь, паводле ацэнак Белстату, прыпадае 0,6 л.

Паказьнік 2024 году азначае захаваньне кірунку на зьніжэньне спажываньня алькаголю пасьля дасягненьня піку ў 2021 годзе (тады сярэдні беларус выпіваў 12 л чыстага сьпірту за год). Цяперашні ўзровень піцьця вярнуўся да дзесяцігадовага мінімуму, які назіраўся ў 2016 годзе. Статыстыку прааналізавала газэта «Беларусы і рынак».

Больш за ўсё п’юць, паводле статыстыкі, у Магілёўскай вобласьці — у сярэднім 12,2 л чыстага сьпірту на чалавека. А ў суседняй зь ёй Гомельскай вобласьці паказьнік мінімальны — 10,6 л.

Найбольш чыстага сьпірту сярэдні беларус спажывае ў выглядзе гарэлкі і гарэлачных вырабаў (5,6 л), а таксама піва — 2,4 л.

Калі прасачыць на працягу 10 гадоў, якіх сьпіртных напояў беларусы сталі піць больш, а якіх — менш, то выявіцца, што ў натуральным выражэньні спажываньне гарэлкі вырасла. Цяпер у сярэднім на душу насельніцтва выпіваецца 12 літраў гарэлкі ў год, а ў 2015 годзе — было толькі 9,9 л.

Больш сталі піць піва: 51 літар супраць 42 дзесяць гадоў таму. Аднак самы імклівы рост паказалі слабаалькагольныя напоі (якія не ўключаюць у сябе ні піва, ні пладовае віно) — іх зараз сярэдні беларусы выпівае 5,4 літра ў год, тады як раней было менш за 1 л.

Пладовага віна беларусы п’юць усё яшчэ больш, чым вінаграднага, аднак за дзесяць гадоў яго спажываньне ўсё ж радыкальна зьнізілася: 4,6 л цяпер супраць 10 л у 2015 годзе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейскія півавары прэтэндуюць на траціну беларускага рынку. Ці выціснуць яны беларускіх вытворцаў?


ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Быхаўскім раёне жанчына памерла ад атручэньня алькаголем, выпіўшы ня менш за тры бутэлькі гарэлкі