Аб гэтым паведаміла ўвечары 1 кастрычніка Міністэрства энэргетыкі Украіны.
«У выніку скачкоў напружаньня без электразабесьпячэньня апынуўся Новы бясьпечны канфайнмэнт, які зьяўляецца ключавым абʼектам, які ізалюе разбураны чацьвёрты энэргаблёк ЧАЭС, і перадухіляе выкід радыеактыўных матэрыялаў у навакольнае асяродзьдзе», — гаворыцца ў паведамленьні.
Раней паведамлялася аб адключэньні электрычнасьці ў горадзе Славуцічы. Без сьвятла засталася таксама частка тэрыторыі Чарнігаўскай вобласьці. Як мяркуецца, у выніку расійскіх абстрэлаў была разбурана падстанцыя.
Без электрычнасьці засталіся больш за 300 тысяч спажыўцоў, у Чарнігаўскай вобласьці ўведзены графікі часовага адключэньня электразабесьпячэньня. Таксама паведамляецца аб адключэньні сьвятла ў некаторых раёнах горада Дняпро.
Аб адключэньні электрычнасьці на непрацуючай Чарнобыльскай АЭС паведамляецца на фоне сытуацыі на падкантрольнай Расіі Запарожскай АЭС. Як паведаміла Міністэрства энэргетыкі Украіны, станцыя 23 верасьня была адключаная ад асноўнай крыніцы харчаваньня і зараз працуе на рэзэрвовых дызэль-генэратарах, аднак запасу паліва для іх працы хопіць, як сьцьвярджаецца, толькі на 10 дзён.
Генэральны дырэктар МАГАТЭ Рафаэль Гросі заявіў у сераду, што такая сытуацыя зьяўляецца нестабільнай з пункту гледжаньня ядзернай бясьпекі, паколькі магчымае адключэньне рэзэрвовых сыстэм заключае ў сабе пагрозу расплаўленьня ядзернага паліва.
Расея і Украіна абвінавачваюць у сытуацыі, якая склалася адзін аднаго. Расейскія прадстаўнікі абвінавацілі Украіну ў абстрэлах лініі электраперадачы, якая сілкуе станцыю. Украіна гэта адмаўляе, абвінавачваючы, у сваю чаргу, Расею ў наўмысным адключэньні станцыі ад украінскай энэргасыстэмы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сама меней 36 чалавек загінулі ў выніку абрушэньня царквы ў Этыёпіі