Як паведаміла прэсавая служба Міністэрства абароны Беларусі, сустрэча камандуючага ВПС Эфіёпіі зь міністрам абароны Віктарам Хрэніным праходзіла ў прысутнасьці віцэ-прэм’ера Віктара Каранкевіча, яки ва ўрадзе курыруе прамысловы сэктар і лясную гаспадарку.
«19 гадоў таму я прайшоў падрыхтоўку на 61 авіяцыйнай базе ў Баранавічах. Маім інструктарам быў палкоўнік Аляксандар Марфіцкі. І тады я даў сабе слова, калі я прасунуся па службе і ў мяне будзе выбар, якую краіну наведаць, я выберу Менск, Беларусь», — працытавала эфіёпскага генэрал-лейтэнанта прэсавая служба Мінабароны. (Аляксандар Марфіцкі загінуў разам з Аляксандрам Жураўлевічам 30 жніўня 2009 году на авіяцыйным паказе ў Радаме ў Польшчы. Пілёты вырашылі не катапультавацца, а адвесьці самалёт на максымальна магчымую адлегласьць ад населенага пункту. — РС).
«Мы разглядаем Беларусь, як найбольш стратэгічнага партнэра ў гэтым рэгіёне», — сказаў Гнапа Йілма Мэрдаса.
У сваю чаргу Віктар Хрэнін адказаў, што Аляксандар Лукашэнка назваў Эфіёпію адной з найбольш важных для Беларусі дзяржаў у Афрыцы.
На сустрэчы вызначылі пытаньні вайсковай супрацы «з акцэнтам на канкрэтных практычных мерапрыемствах».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці вялікі плён дае паварот замежнай палітыкі Беларусі на Ўсход, — аналіз Валера Карбалевіча