БАЖ: у Беларусі на журналіста Андрэя Мялешку завялі тры крымінальныя справы

Андрэй Мялешка. Архіўнае фота

Журналіст Андрэй Мялешка даведаўся, што ў Беларусі на яго завялі тры крымінальныя справы.

Як паведаміла Беларуская асацыяцыя журналістаў, да ягонай маці, у кватэры якой ён зарэгістраваны, прыходзілі зь ператрусам.

30 верасьня сястры Андрэя Мялешкі, якая жыве ў Горадні, пазванілі зь мясцовай пракуратуры. Прасілі перадаць брату, каб ён зьвяртаўся ў «камісію па вяртаньні», ехаў у Беларусь, пакаяўся, і тады зь яго, маўляў, здымуць усе абвінавачаньні.

Паводле журналіста, сястра таксама даведалася, што на яго завялі тры крымінальныя справы: паводле арт. 361–1 «Стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня ці ўдзел у ім» (санкцыя — да 10 гадоў пазбаўленьня волі), арт. 361–2 «Фінансаваньне экстрэмісцкай дзейнасьці» (да 8 гадоў пазбаўленьня волі) і арт. 361–4 «Садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці» (да 7 гадоў пазбаўленьня волі).

Пра крымінальны перасьлед вядома толькі з словаў сілавікоў, ніякіх дакумэнтаў на рукі не далі.

Пра якое «экстрэмісцкае фармаваньне» ідзецца, Андрэй таксама ня ведае. З словаў супрацоўнікаў крымінальнага вышуку вынікае, што маюцца на ўвазе два ягоныя інтэрвію ў 2023 і 2024 гадах выданьням, прызнаным у Беларусі «экстрэмісцкімі фармаваньнямі».

Удзень 19 верасьня дамоў да хворай маці Андрэя Мялешкі прыходзілі зь ператрусам сілавікі, якія назваліся супрацоўнікамі крымінальнага вышуку Кастрычніцкага раёну Горадні.

«Ператрус цягнуўся хвілін дваццаць. Супрацоўнік паглядзеў пакой. Сястра сказала, што маіх рэчаў там няма, бо ўжо тройчы быў ператрус — усё, што маглі, ужо забралі», — паведаміў журналіст.

Нядаўна Міністэрства інфармацыі Беларусі дадало ў сьпіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў» конты Андрэя Мялешкі ў Instagram: amialeshka і batumiby.ge, а таксама Telegram-канал ягонай крамы тавараў зь беларускай сымболікай «Сакартвело — Беларусь».

Апошні раз на адрас афіцыйнай рэгістрацыі Андрэя Мялешкі ў Горадні сілавікі прыходзілі каля году таму. Паводле журналіста, маці тады не адчыніла ім дзьверы і выклікала на іх міліцыю. Яны сышлі, але міліцыя не прыехала.

Андрэй Мялешка кажа, што ў 2023 годзе на яго ўжо завялі былі крымінальныя справы за ўдзел у «экстрэмісцкіх фармаваньнях» — БАЖ і «Радыё Рацыя». Але далей ніякіх зрухаў у гэтых справах не было, прынамсі, Андрэю нічога не паведамлялі.

Андрэй Мялешка вымушана зьехаў зь Беларусі ў 2021 годзе, бо асьцерагаўся палітычна матываванага перасьледу. Зь лета 2021-га па верасень 2024 году Мялешка жыў у Батумі. 17 верасьня 2024 году, калі журналіст разам з дачкой вяртаўся ў Грузію з Польшчы, іх абаіх не ўпусьцілі ў краіну ў аэрапорце Кутаісі і пасадзілі на зваротны рэйс да Варшавы. З таго часу Андрэй разам з старэйшай дачкой жыве ў Беластоку, а ягоная жонка з малодшай дачкой — у Батумі. Мялешка кажа, што тыя ніяк ня могуць атрымаць візу для пераезду ў Польшчу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Сказалі, вы зашмат гаворыце». Журналіст Андрэй Мялешка расказаў, як іх з дачкой высылалі з Грузіі