У Адэсе і Адэскай вобласьці праз моцную залеву загінулі 9 чалавек, у тым ліку дзіця

У Адэсе надзвычайная сытуацыя праз моцную залеву. Ілюстрацыйнае фота

У Адэсе і Адэскай вобласьці другі дзень змагаюцца з наступствамі моцнай залевы, якая прывяла да гібелі 9 чалавек, у тым ліку аднаго дзіцяці.

«Усю ноч ратаўнікі дапамагалі з эвакуацыяй людзей з водных пастак, выцягвалі аўтамабілі, адпампоўвалі ваду з будынкаў і шукалі дзяўчыну, якую знайшлі а 7-й раніцы. На месцы пошуку працавала псыхоляг», — паведамілі ў Дзяржаўнай службе надзвычайных сытуацыяў Украіны.

Паводле ўладаў Адэскай вобласьці, за 7 гадзін залевы ў Адэсе выпала двухмесячная норма ападкаў. Сярод наступстваў — падтопленыя вуліцы, пашкоджаная камунальная інфраструктура, загінулі 9 чалавек, у тым ліку адно дзіця.

«Апроч аварыяў на трубаправодах, праз анамальныя ападкі маем падтапленьне дзьвюх каналізацыйных помпавых станцый. Адзін з аб’ектаў у раёне Пярэсыпу пацярпеў праз аварыйнае адключэньне электраэнэргіі. [...] Станцыю і генэратары затапіла магутная плынь вады, і таму праца помпавага абсталяваньня часова немагчымая», — адзначаецца ў паведамленьні.

У Адэсе і Адэскай вобласьці праблемы з энэргазабесьпячэньнем і транспартам. Улады заклікаюць грамадзян прыбраць свае аўтамабілі з дарог.