Пантэон без Каліноўскага: гісторыя як інструмэнт улады

Барэльеф на будынку новага Нацыянальнага гістарычнага музэю Беларусі. Скрын: ctv.by

Сьцісла

  • Рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае гістарычныя наратывы для легітымізацыі свайго палітычнага курсу.
  • Адна з праблемаў гістарычнай памяці Беларусі — дэпэрсаналізацыя беларускай гісторыі. Наўзамен ствараецца культ Лукашэнкі.
  • Пералік знакавых для Беларусі асобаў у пантэоне адлюстроўвае цяперашнюю палітыку гістарычнай памяці ўладаў.

Улады Беларусі дасьпелі да таго, каб стварыць нейкі сурагат нацыянальнага пантэону — у выглядзе барэльефаў на фасадзе новага будынку Нацыянальнага гістарычнага музэю. Пра што гэта сьведчыць?

Палітыка гістарычнай памяці

Важнасьць стварэньня пантэону нацыянальных герояў абазначыў Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з ідэалягічным актывам 17 верасьня: «Трэба разумець, хто герой, хто вораг, хто ўнёс уклад у сусьветную культуру, навуку, гісторыю, захаваўшы сувязь з Радзімай, хто зрабіў тое ж самае, але адрокся сваёй ідэнтычнасьці. Нікога не выкрэсьліваем з сваёй гісторыі. Але акцэнты павінны быць зроблены дакладна і, пажадана, без паўмераў».

Зварот да гістарычнай тэмы адбываецца ў рамках курсу ўладаў на ідэалягізацыю грамадзка-палітычнага жыцьця. Пасьля 2020 году апэляцыя да гісторыі стала важным элемэнтам ідэалягічнай працы. У 2022 годзе на загад Лукашэнкі стварылі рэспубліканскую раду гістарычнай палітыкі пры адміністрацыі прэзыдэнта. Гэта значыць, што цяпер разам з эканамічнай, вайсковай, замежнай палітыкай у краіне ажыцьцяўляецца і гістарычная палітыка. Вось на якую вышыню ўзьнятая гэтая сфэра. Нагадаю таксама, што той 2022 год быў абвешчаны Годам гістарычнай памяці.

Пасьля 2020 году апэляцыя да гісторыі стала важным элемэнтам ідэалягічнай працы

Рэалізацыя палітыкі гістарычнай памяці ў беларускай інтэрпрэтацыі яскрава ілюструе вядомы пастулят: гісторыя — гэта сучасная палітыка, абернутая назад. Улады і палітыкі ўва ўсіх дзяржавах для легітымізацыі свайго палітычнага курсу выкарыстоўваюць гістарычныя наратывы. Прынамсі тыя, што вывучаюцца ў сыстэме адукацыі ці адлюстроўваюцца ў творах мастацтва.

Такім чынам, гістарычная памяць — гэта палітычны інструмэнт для разьвязаньня актуальных праблемаў улады. Апэляцыя да тых ці іншых старонак гісторыі — індыкатар тэндэнцыяў палітычнага жыцьця, моцна залежных ад зьменлівай каньюнктуры. Гістарычная памяць падганяецца пад імгненныя і зьменныя патрэбы кіроўнай каманды, пад задачы яе палітычнага выжываньня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гісторыя на Свабодзе». Ці перажывуць беларусы «русский мир». Меркаваньне Паўла Церашковіча

Калізіі вакол фігуры Каліноўскага

Найбольш красамоўная ілюстрацыя згаданага тэзісу — радыкальны паварот у ацэнках такой яскравай постаці беларускай гісторыі, як Кастусь Каліноўскі. Да апошняга часу ён быў адным зь нямногіх беларускіх гістарычных дзеячоў, якія не выклікалі ніякага расколу ў грамадзтве, у палітычнай клясе. Яго прызнавалі і нацыяналісты, і камуністы, бо ён увайшоў у пантэон беларускіх нацыянальных герояў яшчэ за савецкім часам. Гэты сымбаль мог бы аб’яднаць расколатую беларускую нацыю. Сярод ордэнаў і мэдалёў, зацьверджаных указам Лукашэнкі 15 студзеня 1996 году, быў ордэн Кастуся Каліноўскага.

Ігар Петрышэнка (у цэнтры) на цырымоніі пахаваньня Кастуся Каліноўскага і паўстанцаў 1863–64 гадоў у Вільні 22 лістапада 2019 году

У лістападзе 2019 года ў Вільню на перапахаваньне парэшткаў Кастуся Каліноўскага прыбыла дзяржаўная дэлегацыя на чале зь віцэ-прэмʼерам Ігарам Петрышэнкам. На афіцыйнай цырымоніі ў літоўскай сталіцы ён заявіў, што дзейнасьць Кастуся Каліноўскага «зьвязана зь перарастаньнем беларускага нацыянальна-культурнага руху ў барацьбу за беларускую дзяржаўнасьць у форме народаўладзьдзя». Гэта значыць — няма сумневу, што Каліноўскі беларускі герой. 17 лістапада 2019 году Лукашэнка, адказваючы на выбарчым участку на пытаньні журналістаў пра ягонае стаўленьне да Каліноўскага, сказаў: «Ён дзейнічаў на нашай тэрыторыі, быў нашым чалавекам, калі хочаце — грамадзянінам. І ад гэтага нікуды не падзецца».

Прайшло ня так шмат часу, зьмянілася палітычная каньюнктура. З 2020 году кіроўны рэжым трывала ўпісаўся ў расейскі ідэалягічны кантэкст і адмовіўся ад нацыянальнага наратыву ў сваіх падыходах да беларускае гісторыі. Цяпер на афіцыйным узроўні паўстаньне 1863 году абвешчана польскім, прычым ня толькі антырасейскім, але і антыбеларускім. Да таго ж ва Ўкраіне існуе Полк Каліноўскага, у якім беларусы ваююць супраць расейскай агрэсіі. У выніку гістарычная фігура Каліноўскага, якая магла стаць сымбалем аб’яднаньня нацыі, стала сымбалем расколу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навошта ў Расеі робяць з Каліноўскага Бандэру. ВІДЭА

Дэпэрсаналізацыя беларускай гісторыі

Увогуле адна з важных праблемаў гістарычнай памяці Беларусі — дэпэрсаналізацыя беларускай гісторыі. Ці зьвярталі вы ўвагу, што на беларускіх грашах, адрозна ад купюраў большасьці іншых краін, няма партрэтаў гістарычных дзеячоў. Невыпадкова першыя грошы незалежнай Беларусі ўсе называлі «зайчыкамі», бо на іх былі выяўленыя розныя зьвяркі. На цяперашніх банкнотах архітэктурныя помнікі. А гістарычных пэрсанажаў няма. Праблема ў тым, што беларусы або ня ведаюць сваіх герояў, або наконт іх у грамадзтве няма кансэнсусу.

Афіцыйная прапаганда ўжо колькі год фармуе культ Лукашэнкі

Да дэпэрсаналізацыі беларускай гісторыі спрычынілася і сьвядомая палітыка ўладаў. Узгаданы вышэй ордэн Кастуся Каліноўскага ў 2004 годзе быў скасаваны. За восем гадоў ім так нікога і не ўзнагародзілі. У 2005 годзе Лукашэнка прыбраў імёны Францішка Скарыны і Пятра Машэрава як назвы цэнтральных праспэктаў з мапы Менску.

Дзеля чаго гэта рабіў Лукашэнка? Магчыма, каб ачысьціць беларускую гісторыю ад яскравых асобаў, расчысьціць поле для сябе, для ўвечненьня ўласнага імя. Афіцыйная прапаганда ўжо колькі гадоў фармуе культ Лукашэнкі, распаўсюджвае міт, паводле якога прэзыдэнцкія выбары 1994 году называюць сапраўдным пачаткам беларускай дзяржаўнасьці і нават беларускай гісторыі. То бок Лукашэнка абʼяўляецца «бацькам-заснавальнікам» незалежнасьці і дзяржаўнасьці Беларусі. І дзеля падтрымкі гэтага міту штучна прыніжаюцца і абясцэньваюцца іншыя нацыянальныя героі, бо ў Лукашэнкі не павінна быць канкурэнтаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мяне будуць дэманізаваць, як Сталіна і Леніна». Лукашэнка загадзя прадказаў, як яго ацэняць нашчадкі

Першая спроба стварэньня пантэону

Таму зьяўленьне нейкага прататыпу пантэону нацыянальных герояў у выглядзе барэльефаў на фасадзе новага гістарычнага музэю — крок наперад. Няхай нават у той форме, якая ёсьць. Зразумела, што фігуры знакавых для Беларусі асобаў адлюстроўваюць цяперашнюю палітыку гістарычнай памяці ўладаў.

Зьвяртае ўвагу, каго з тых таксычных гістарычных фігураў, якіх можна было б чакаць, зважаючы на афіцыйныя ідэалягічныя падыходы, няма ў лукашэнкаўскім пантэоне. Там няма Мураўёва-Вешальніка, хоць некаторыя прапагандысты ўжо аб’явілі яго героем замест Каліноўскага. «Ленін і Сталін — сымбалі нашага народу», — казаў калісьці Лукашэнка. А яшчэ ён заяўляў, што варта было б паставіць помнік Сталіну за далучэньне Заходняй Беларусі да БССР. Аднак і гэтых пэрсанажаў няма на барэльефах. Як няма злавеснага земляка Фэлікса Дзяржынскага, хоць ёсьць горад Дзяржынск. Пры кульце Вялікай Айчыннай вайны можна было чакаць засільля хрэстаматыйных пэрсанажаў — герояў-партызанаў, аднак і іх амаль няма.

Гісторык Алесь Пашкевіч вызначыў імаверныя крытэры, якімі кіраваліся ўлады, каб у пантэон ня трапілі непажаданыя гістарычныя дзеячы. Паводле яго, гэта асобы, «якія былі зьвязаныя з Польшчай і ўвогуле з Захадам, не ваявалі і ўвогуле ня надта выступалі супраць Расеі, не змагаліся за незалежную Беларусь на небальшавіцкай аснове, не былі фізычна зьнішчаныя падчас сталінскіх рэпрэсіяў і не былі яўнымі антысаветчыкамі». Сапраўды, гэтыя крытэрыі строга вытрыманыя.

У цэлым асноўныя постаці беларускай гісторыі на барэльефе фігуруюць, хоць, зразумела, шмат пра што можна дыскутаваць. Сярод, скажам мякка, відавочна спрэчных фігураў можна назваць хіба што Ёсіфа Сямашку, які зацята змагаўся з уніяцтвам.

Няма сумневу, што зь цягам часу, пры ўмове зьмены ўлады, склад гістарычных фігураў на барэльефе будзе мяняцца. І зьявіцца сапраўды Пантэон як сымбаль беларускай дзяржаўнасьці. Бо наяўнасьць нацыянальнай гісторыі і нацыянальных герояў — адна з прыкметаў існаваньня незалежнай краіны.