«Некалькі сетак былі паэтапна адключаныя на працягу раніцы; зараз таксама закранутая тэлефонная сувязь», — гаворыцца ў паведамленьні.
Некалькі жыхароў Кабулу распавялі ВВС, што да канца працоўнага дня ў іх перастаў працаваць оптавалакновы інтэрнэт. Па дадзеных Reuters, талібы таксама адключылі мабільную тэлефонную сувязь.
Перад адключэньнем інтэрнэту адзін з аўганскіх службоўцаў паведаміў AFP, што будзе адключаная оптавалакновая сетка, гэта паўплывае і на мабільную сувязь.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Бязмоўныя, але не забытыя: жанчыны пад «Талібанам»Талібы пачалі адключаць інтэрнэт некалькі тыдняў таму. Сваё рашэньне яны растлумачылі прадухіленьнем «амаральнасьці». Раней групоўка выказвала занепакоенасьць наконт парнаграфіі і іншых сеткавых сэксуальных практык.
Адключэньне інтэрнэта адбіваецца і на мясцовых прадпрымальніках. 42-гадовы ўладальнік крамы ў Кабуле Наджыбулла сказаў France 24, што ўвесь яго бізнэс залежыць ад мабільнай сувязі. Паводле яго слоў, цяпер «рынак цалкам замарожаны».
Урад талібаў, які прыйшоў да ўлады ў жніўні 2021 года, абяцаў альтэрнатыўныя спосабы сувязі, але пакуль незразумела, што яны мелі на ўвазе. У цэлым, на думку крытыкаў, адключэньне інтэрнэта ўпісваецца ў агульны курс талібаў на скасаваньне асабістых свабодаў і свабоднага абмену інфармацыяй.