Уплывовыя краіны сьвету падтрымалі мірны плян Трампа па сэктары Газа. ХАМАС яго вывучае

Біньямін Нэтаньягу і Дональд Трамп, Вашынгтон, Белы дом, 29 верасьня 2025

Уплывовыя ісламскія краіны, а таксама эўрапейскія дзяржавы віталі мірны плян, апублікаваны напярэдадні Белым домам і падтрыманы прэм’ер-міністрам Ізраіля Біньямінам Нэтаньягу падчас яго сустрэчы з прэзыдэнтам ЗША Дональдам Трампам.

Плян з 20 пунктаў прадугледжвае спыненьне агню ў сэктары Газа, вызваленьне захопленых ізраільскіх закладнікаў, сотняў палестынскіх зьняволеных, а таксама ўстанаўлівае прынцыпы пасьляваеннай рэканструкцыі Газы — без удзелу групоўкі ХАМАС і з актыўным ангажаваньнем ЗША. Перасяленьне жыхароў з Газы і ізраільская акупацыя сэктару выключаюцца.

У сумеснай заяве лідэраў Саудаўскай Арабіі, Ярданіі, ААЭ, Катару, Інданэзіі, Турэччыны, Пакістану і Эгіпту вітаецца публікацыя пляну і выказваецца гатоўнасьць спрыяць дасягненьню міру, пры гэтым падкрэсьліваецца неабходнасьць стварэньня палестынскай дзяржавы. У пляне Трампа аб гэтым гаворыцца толькі як аб аддаленай пэрспэктыве па выніках перамоваў паміж Ізраілем і палестынцамі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Нэтаньягу: Ізраіль не дапусьціць стварэньня палестынскай дзяржавы

Плян віталі лідэры Францыі і Вялікай Брытаніі — краінаў, якія на мінулым тыдні, насуперак пазыцыі ЗША, прызналі палестынскую дзяржаву. Плян падтрымалі і ўлады Гішпаніі, якія найбольш крытычна настроеныя ў адносінах да палітыкі Ізраіля з усіх урадаў краінаў Захаду.

Палітыкі і камэнтатары адзначаюць, што зараз лёс мірнага пляну залежыць ад рашэньня групоўкі ХАМАС, якая па-ранейшаму кантралюе частку тэрыторыі сэктару Газа і ўтрымлівае каля 50 закладнікаў (частка зь іх загінулі). У ХАМАС пацьвердзілі, што пасярэднікі перадалі прадстаўнікам групоўкі плян, і зараз яго абмяркуюць. Плян прадугледжвае, што ХАМАС адмовіцца ад улады ў Газе і раззброіцца. Пры гэтым чальцы групоўкі, якія складуць зброю, не зазнаюць перасьледу.

Нэтаньягу напярэдадні, заявіўшы аб падтрымцы пляну Трампа, сказаў, што калі ХАМАС яго адпрэчыць, то Ізраіль «завершыць справу самастойна» і разграміць групоўку. Трамп заявіў, што ЗША ў такім разе падтрымае Ізраіль.

Цяперашняя вайна ў сэктары Газа пачалася пасьля нападу ХАМАС на Ізраіль 7 кастрычніка 2023 году. Ізраіль у адказ пачаў наземную апэрацыю ў сэктары. Паступова яго дзеяньні пачалі сутыкацца з усё больш нэгатыўнай рэакцыяй у сьвеце ў сувязі з гібельлю цывільных жыхароў і становішчам у сэктары, якое шэраг міжнародных арганізацый расцэньваюць як гуманітарную катастрофу.