Як высьветліў Беларускі расьсьледніцкі цэнтар, да ланцужка незаконных паставак маюць дачыненьне набліжаныя да Аляксандра Лукашэнкі бізнэсоўцы.
У расьсьледаваньні, зробленым пры падтрымцы «Кіберпартызанаў» таксама бралі ўдзел выданьні All Eyes on Wagner, «Важные истории», Слідство.Інфо, Цэнтар дасьледаваньня карупцыі і арганізаванай злачыннасьці OCCRP.
Як вынікае з публікацыі, забароненае рэчыва ў Расею пастаўляла зарэгістраванае ў Беларусі ТАА «ВЛАТЭ Лагістык». Найперш, мова ідзе аб забароненым для ўвозу з тэрыторыі Эўразьвязу ў Расею растваральніку NMP, які выкарыстоўваюць у вытворчасьці хімічнай зброі, аграхімікатаў, фарбаў, акумулятараў высокай ёмістасьці і высокатрывалага валакна, зь якога шыюць вайсковую форму.
Адзіным уласьнікам «ВЛАТЭ Лагістык» з траўня 2017 году да сьнежня 2020 году было ТАА «Брэміна груп», да якога датычныя бізнэсоўцы Аляксандар Зайцаў, Аляксей Алексін і Мікалай Варабей, якіх называюць «гаманцамі» Аляксандра Лукашэнкі.
Улетку 2021 году «Брэміна груп» трапіла пад міжнародныя санкцыі праз сувязь з Лукашэнкам, а ў канцы 2024 году — санкцыйны сьпісе зьявілася і «ВЛАТЭ Лагістык».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расьсьледаваньне: кампанію прэм’ера Літвы крэдытавала прадпрыемства, уласьнік якой меў сувязі з «гаманцом» Лукашэнкі