У Маскве памёр публіцыст Віталь Кароціч — галоўны рэдактар часопісу, што раскрыў праўду пра сталінскія рэпрэсіі

Віталь Кароціч. Архіўнае фота

У Маскве ва ўзросьце 89 гадоў памёр Віталь Кароціч — савецкі і ўкраінскі паэт, публіцыст і грамадзкі дзеяч у гады так званай перабудовы ў СССР.

Пра ягоную сьмерць паведаміла Расейская служба Радыё Свабода з спасылкай на ўкраіснкага журналіста Дзьмітра Гардона.

Віталь Кароціч ачольваў адзін з найбольш уплывовых часопісаў «Огонёк», які адыграў вялікую ролю ў раскрыцьці праўды пра сталінскія рэпрэсіі і ў дэмакратычных зьменах у СССР.

Ён нарадзіўся ў Кіеве. Паводле першай спэцыяльнасьці быў кардыёлягам. Пазьней закончыў Кіеўскі пэдагагічны інстытут замежных моў. Ачольваў украінскі часопіс «Ранок», вёў радыёперадачы. Быў сакратаром Саюза пісьменьнікаў Украіны і сябрам Саюза пісьменьнікаў СССР. Займаўся таксама перакладамі.

Выбіраўся ў дэпутаты Вярхоўнай Рады УССР і быў народным дэпутатам СССР.

У 1986 годзе стаў галоўным рэдактарам усесаюзнага часопісу «Огонёк». Пад яго кіраўніцтвам за два гады наклад выданьня павялічыўся з 1,5 мільёна да 4,5 мільёнаў. Менавіта з гэтым часопісам зьвязаная эпоха галоснасьці ў СССР. За гэтую працу амэрыканскі часопіс World Press Review прысвоіў Кароцічу ў 1989 годзе званьне «Замежны рэдактар году».

19 жніўня 1991 году, знаходзячыся ў ЗША, здаў авіяквіток у Маскву праз імаверны перасьлед з боку ГКЧП. Праз тыдзень калектыў «Огонька» вызваліў яго з пасады галоўнага рэдактара «за праяўленую баязьлівасьць». У Расею вярнуўся ў 1998 годзе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Знойдзены невядомы дагэтуль ліст Васіля Быкава