«Я быў зьдзіўлены, але мяне адпусьцілі!» Як улады «спыняюць» перасьлед за ўдзел у пратэстах 2020 году

Пратэсты, Беларусь, верасень 2020. Ілюстрацыйнае фота

Сканчаецца тэрмін даўніны прыцягненьня да адказнасьці за ўдзел у пратэстах паводле 342-га артыкулу Крымінальнага кодэксу (КК). Некалькі справаў ужо закрылі. У той жа час людзям мяняюць «народны» артыкул 342 на больш жорсткі 293. Чаму так адбываецца, разьбіраліся разам зь юрыстам і праваабаронцай.

«Сьпіс экстрэмістаў»

Праваабаронцы ведаюць некалькі выпадкаў, калі ў верасьні 2025 году былі закрытыя крымінальныя справы паводле «народнага» артыкулу 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак) і ўжо затрыманых людзей вызвалілі зь СІЗА да суду. Прычына — скончыўся тэрмін даўніны.

Першым быў 36-гадовы гомелец Андрэй Хрысьцін. Ён быў у СІЗА, аднак яго вызвалілі «ў сувязі з заканчэньнем тэрміну прыцягненьня да адказнасьці».

Але яго прозьвішча ўсё адно дадалі ў «сьпіс экстрэмістаў» МУС 12 верасьня 2025 году — з тлумачэньнем: «…у сувязі з уступленьнем у законную сілу прысуду суду Партызанскага раёну Менску ў сувязі са зьдзяйсьненьнем злачынства, прадугледжанага ч. 1 арт. 342 КК».

Знаходжаньне ў «сьпісе экстрэмістаў» можа перашкодзіць пры ўладкаваньні на працу, пры завядзеньні банкаўскага рахунку і нават пры куплі SIM-карты.

Юрыстка міжнароднай праваабарончай арганізацыі Respect — Protect — Fulfill заўважае (імя не называецца дзеля бясьпекі. — РС), што ў выпадку спыненьня крымінальнай справы не зусім зразумела, на якой падставе людзей уносяць у «пералік асобаў, якія маюць дачыненьне да экстрэмісцкай дзейнасьці».

Пратэсты ў Менску ў 2020 годзе, архіўнае фота

«Калі скончыўся тэрмін даўніны, то крымінальная справа падлягае спыненьню пры згодзе асобы. У гэтым разе суд выносіць пастанову, а не прысуд. І, такім чынам, чалавек ня можа быць уключаны ў сьпіс „экстрэмістаў“ (абзац 3-і часткі 2 артыкулу 18 Закону „Аб супрацьдзеяньні экстрэмізму“). Там падстава для ўключэньня — судовы прысуд па вызначэньнях, які ўступіў у законную сілу», — тлумачыць яна.

Суразмоўца падкрэсьліла, што для «народнага» 342-га артыкулу КК тэрмін даўніны — 5 гадоў ад моманту ўдзелу ў акцыях пратэсту. Асноўныя мірныя мітынгі і маршы пачаліся ў жніўні і працягваліся да лістапада 2020 году, значыць, тэрмін даўніны павінен скончыцца ў жніўні–лістападзе 2025 году.

«Юрыст параіў зьяжджаць»

Да менчука Андрэя (імя зьмененае дзеля бясьпекі. — РС) чацьвёра супрацоўнікаў ГУБАЗіКу прыйшлі ў чэрвені 2025 году. Пазванілі ў дзьверы каля 7-й раніцы. Былі вельмі ветлівыя. Правялі агляд кватэры.

«Я не магу назваць гэта ператрусам. Запыталіся, ці ёсьць зброя, сымболіка, сьцяг. Я даўно ўжо ўсё „падчысьціў“. Папрасілі тэлефон, кампутар, паролі — нічога не знайшлі. Аднак яны паказалі мне адно фота, дзе я зь сябрам стаяў у „счэпцы“ (гэта было ў верасьні 2020-га) і пару прыгожых фота на фоне сьцягоў зь іншых маршаў. Я запярэчыў: мы зь сябрам ужо адседзелі па 15 дзён у 2020-м, а двойчы караць за адно і тое ж нельга. І нават пажартаваў, што прафэсійны ўзровень іхных ІТ-спэцыялістаў расьце — мабыць, фота знайшлі ў „воблаку“», — узгадвае Андрэй.

Яго павезьлі ў Сьледчы камтэт. Маладая сьледчая патлумачыла, што яго падазраюць ва «ўдзеле ў масавых беспарадках» паводле 342-га артыкулу Крымінальнага кодэксу.

«Я ветліва настойваў на адвакаце і на тым, што магу знайсьці паручальнікаў, нікуды не зьбягу, што ў мяне сур’ёзная праца, няма ніякіх візаў у пашпарце — каб мяне не зьмяшчалі ў СІЗА. Сьледчая некалькі разоў хадзіла да начальства, штосьці ўзгадняла. Я быў зьдзіўлены, але мяне адпусьцілі! Я паабяцаў, што знайду паручальнікаў, таксама падпісаў паперы аб нявыездзе і зьяўленьні на першае патрабаваньне. Па дарозе пазваніў знаёмаму юрысту, запытаўся пра тэрмін даўніны: можа, не пасьпеюць мяне асудзіць? Той тэрмінова прызначыў мне сустрэчу і „ўставіў мазгі“ — параіў тэрмінова зьяжджаць», — кажа Андрэй.

Пратэсты ў Менску ў 2020 годзе, архіўнае фота

У той жа вечар ён даволі складаным шляхам зьехаў зь Беларусі празь некалькі краін, бо шэнгенскай візы ня меў. І праз тры месяцы не перастае зьдзіўляцца, што яго адпусьцілі зь Сьледчага камітэту. А вось сябру, зь якім яны стаялі ў счэпцы, пашанцавала менш. Ён чакае суду ў СІЗА ў Калядзічах. Адвакат таго сябра спадзяецца, што яму прызначаць «хатнюю хімію».

Такім чынам, ёсьць выпадкі вызваленьня ад крымінальнай адказнасьці. Зь іншага боку, што да артыкулу 342, нават з папаўненьня «сьпісу экстрэмістаў» відаць: улада сьпяшаецца да сканчэньня тэрміну даўніны асудзіць як мага больш людзей. Толькі за апошія 3 месяцы (зь ліпеня па верасень 2025 году) у «сьпіс экстрэмістаў» МУС унесьлі больш за 350 чалавек, зь іх дзьве траціны паводле артыкулу 342.

Замена для артыкулу 342

Беларускія сьледчыя і судзьдзі знайшлі замену 342-му артыкулу КК — працягваецца перасьлед паводле арт. 293 (удзел у масавых беспарадках). Хоць гэта справа і ня новая.

Перакваліфікоўваць справы пачалі яшчэ ў 2020 годзе: абвінавачаньні валянтэрам праваабарончага цэнтру «Вясна» Марфе Рабковай, Дзьмітрыю Кубараву, Арцёму Лагуну, Аляксандру Васілевічу зьмянілі з артыкулу 342 на больш жорсткі 293-ы. Крыху пазьней былі так званая «студэнцкая справа» (суды адбыліся ў ліпені 2021 году, справа аб «беспарадках» у цэнтры Берасьця, дзе фігурантам таксама перакваліфікавалі справы на больш суворы 293-ы артыкул. Тэрмін прыцягненьня да адказнасьці па артыкуле 293 вагаецца ў залежнасьці ад часткі гэтага артыкулу. Напрыклад, «удзел у масавых беспарадках» - 10 гадоў, «арганізацыя масавых беспарадкаў» - да 15 гадоў.

Новы віток актыўнасьці пачаўся сёлета. У верасьні 2025 году ў «базу экстрэмістаў» МУС былі ўнесеныя Яўген Невар і Андрэй Кузьмянчук зь Пінску — іх асудзілі паводле ч. 2 артыкулу 293 за падзеі 2020 году.

Да Яўгена Невара прыйшлі 20 сакавіка 2025 году, затрымалі, пазьней асудзілі. Справу Андрэя Кузьменчука вынесьлі на спэцыяльнае вядзеньне і судзілі завочна. Магчыма, ён зьехаў зь Беларусі. Берасьцейскі абласны суд разглядаў апэляцыю Кузьменчука 16 верасьня 2025 году.

Якія тэрміны прысудзілі Невару і Кузьменчуку, праваабаронцам невядома.

Юрыстка міжнароднай праваабарончай арганізацыі Respect — Protect — Fulfill наконт перакваліфікацыі дзеяньняў з артыкулу 342 на 293 кажа, што, па-першае, ёй не зразумела, чаму 293 артыкул ня ставілі ў віну ад пачатку.

Пратэсты ў Менску ў 2020 годзе, архіўнае фота

Па-другое, для прыцягненьня да адказнасьці паводле артыкулу 293 мусіць быць ня проста «ўдзел у масавых беспарадках», а гвалт над асобай, пагромы, падпалы, зьнішчэньне маёмасьці або ўзброены супраціў прадстаўнікам улады, падкрэсьлівае юрыстка.

«І неабходна памятаць, што частка 2 артыкулу 293 (менавіта на яе, хутчэй за ўсё, будзе перакваліфікаваная справа, бо першая частка — гэта „арганізацыя масавых беспарадкаў“, там тэрмін пакараньня ўвогуле ад 5 да 15 гадоў) — прадугледжвае пакараньне ад 3 да 8 гадоў пазбаўленьня волі, гэта ўжо цяжкое злачынства, за якое ня можа быць прызначана абмежаваньне волі (так званая „хімія“) — адрозна ад часткі першай 342-га артыкулу, якая прадугледжвае розныя віды пакараньня», — тлумачыць юрыстка міжнароднай праваабарончай арганізацыі Respect — Protect — Fulfill.

«Гэта розныя артыкулы, у іх розная доказная база»

У краіне, у якой «часам не да законаў», паўстае пытаньне: ці ня могуць людзям, якіх ужо асудзілі паводле «народнага» 342-га артыкулу, інкрымінаваць яшчэ і больш суворы 293 артыкул?

Праваабаронца «Вясны» Сьвятлана Галаўнёва тлумачыць, што калі ўжо адбыўся суд паводле артыкулу 342, абвінавачаньняў паводле артыкулу 293 ня выставяць.

Бо згодна з арт. 3 Крымінальнага кодэксу, „ніхто ня можа несьці крымінальную адказнасьць двойчы за адно і тое ж злачынства“. То бок нельга спачатку абвінаваціць і правесьці суд на падставе 342-га артыкулу, а потым за тыя ж дзеяньні інкрымінаваць новы артыкул. Але гэта не 100%, бо ў Беларусі ўсё магчыма.

Тое ж самае, калі сьледчы вынес пастанову аб закрыцьці справы паводле артыкулу 342. Каб за тыя ж дзеяньні інкрымінаваць новы артыкул на этапе сьледзтва, трэба спачатку скасаваць пастанову сьледчага.

Калі сьледзтва яшчэ ідзе, справа не закрытая, магчымыя варыянты перакваліфікацыі з арт. 342 на 293 ці даданьне другога артыкулу», — тлумачыць праваабаронца.

Яна таксама зьвяртае ўвагу: важна разумець, што гэта розныя артыкулы, і ў іх розная доказная база. У справах паводле артыкулу 342 звычайна сьцьвярджалі, што чалавек падчас пратэсту выйшаў на праезную частку і гэтым «перашкодзіў дзейнасьці грамадзкага транспарту». А каб даказаць удзел у «масавых беспарадках», трэба пацьвердзіць пашкоджаньне маёмасьці, падпалы, гвалт у дачыненьні да супрацоўнікаў міліцыі.