За апошнія некалькі месяцаў у Беларусі вызвалілі і выправадзілі з краіны дзясяткі палітвязьняў. Калі масавыя вызваленьні такога кшталту працягнуцца, у прытулках за мяжой можа не хапіць месца ўсім, каго вывезьлі з радзімы амаль безь нічога. Беларусы пачалі ствараць базы ахвочых прыняць у сябе дома гэтых людзей на першы час, дапамагчы ім у легалізацыі й побытавых справах.
«Наша сыстэма не падрыхтаваная да масавых выхадаў»
Кіраўнік фонду ByHelp Аляксей Лявончык расказаў Свабодзе, што фонд вырашыў падрыхтавацца на выпадак, калі ў Беларусі вызваляць і вывезуць за мяжу адразу некалькі сотняў палітвязьняў.
«Нашая сыстэма не падрыхтаваная да масавых выхадаў. Яна падрыхтаваная да таго, што людзі будуць выходзіць паступова, па сваіх тэрмінах. Калі выйдуць масава нават ня 1300, а трыста чалавек адразу, гэта выкліча перагрузку. Як бы ні сьцьвярджалі на каардынацыйных сустрэчах, што ёсьць магчымасьці, ёсьць гуманітарны фонд, ніводная арганізацыя, нават калі мы скаардынуем усе рэсурсы, ня мае магчымасьці дапамагчы адразу тромстам вельмі траўмаваным людзям», — камэнтуе Лявончык.
Аляксей Лявончык
Ён адзначае, што вызваленым палітвязьням патрэбна ня толькі недзе жыць, але разьвязаць шэраг іншых пытаньняў: прайсьці мэдычнае абсьледаваньне і паправіць здароўе (на што можа пайсьці 5-7 тысяч эўра на чалавека), легалізавацца ў краіне, знайсьці працу, вывучыць мясцовую мову. Каб даць рады гэтаму, прыдалася б дапамога валянтэраў, кажа суразмоўца.
«У нас няма магчымасьці дапамагаць такой масе людзей. Гэта праца ці буйной арганізацыі, такой як Caritas, і то Caritas захлынецца, ці мабілізацыя рэсурсаў, якія ўжо ёсьць. Самае простае — знаходзіць тых, хто сам гатовы дапамагчы. А напакоўваць людзей у памяшканьне а-ля гостэл пасьля турмы — гэта зьдзек. У людзей павінна быць нейкая прыватнасьць», — дадае Аляксей.
З словаў Лявончыка, у Польшчы прытулкі для беларусаў ёсьць у Варшаве, Гданьску і Ўроцлаве. Імі апякуюцца ByHelp і партнэры. Усе шэлтэры зьмяшчаюць да ста чалавек. Яны цалкам заселеныя людзьмі, якія вызваліліся пасьля сканчэньня тэрміну.
Таму ByHelp і Цэнтар беларускай салідарнасьці вырашылі стварыць сьпіс людзей: 1) ахвочых прыняць у сябе вызваленых на першы час, 2) якія могуць дапамагчы як валянтэры ў розных пытаньнях, прыкладам, у афармленьні дакумэнтаў у Польшчы; 3) гатовых забраць аўтамабілем людзей і перавезьці іх у нейкае месца ў Польшчы.
Аляксей Лявончык расказаў, што зарэгістраваныя ў іх на гэты момант гатовыя прыняць 207 палітвязьняў. Каля 20 чалавек могуць дапамагчы з транспартам, яшчэ 50 гатовыя быць валянтэрамі. Лявончык мяркуе, што калі людзей сапраўды вызваляць, ахвочых дапамагчы ім зарэгіструецца больш.
Суразмоўца адзначае, што ўмовы розныя. Хтосьці гатовы даць пакой, а хтосьці — асобную кватэру. Адны прымуць на некалькі начэй, іншыя на 1–2 месяцы.
Аляксей кажа, што пажадана мець у сьпісе столькі людзей, каб можна было прыняць 700 палітвязьняў. Ён тлумачыць, што ўзяў гэтую лічбу з прыблізнай колькасьці зафіксаваных палітычных зьняволеных — 1300. Зь ягоных назіраньняў, прыкладна палова беларусаў, якія выяжджаюць ад перасьледу ці эвакууюцца зь Беларусі, зьяўляюцца ў Польшчы. Таму суразмоўца дапускае, што палова вызваленых палітвязьняў можа паехаць у гэтую краіну, калі разьвяжа пытаньне легалізацыі.
«Я троху баюся»
Ірына (прозьвішча не падаем дзеля бясьпекі суразмоўцы. — РС) жыве разам з сваім партнэрам у доме пад Варшавай. Яна чакае з турмы сяброўку, якая за кратамі ужо некалькі гадоў. Яны загадзя дамовіліся з партнэрам, што гатовыя прыняць у сябе сяброўку на некалькі месяцаў, калі яе вызваляць, а пры неабходнасьці яшчэ аднаго палітвязьня. У доме ёсьць два вольныя пакоі. На думку Ірыны, у кожны зь іх варта пасяліць толькі аднаго чалавека, каб у іх зьявілася асабістая прастора, якой не было за кратамі.
«Маем дамоўленасьць, што калі будзе надзея, што сяброўка ёсьць (сярод вызваленых. — РС), мы едзем на мяжу, забіраем яе, забіраем яшчэ кагосьці. Калі б гэта ні здарылася, мы гатовыя ехаць у кожны момант. Я так чакаю гэтага моманту у найбліжэйшы час, што нават паадкладала свае паездкі», — кажа суразмоўца.
Яна заўважае, што ейны партнэр беларус, але далёкі ад тэмы палітвязьняў. Ён гатовы зрабіць гэта дзеля сваёй дзяўчыны, бо ёй гэта важна. Пáра плянуе прапанаваць вызваленым ня толькі жытло. Калі Ірына сама эмігравала ў Польшчу, знаёмыя яе «вадзілі за руку», бо яна была ў разгубленасьці.
«Зразумела, што трэба з чалавекам ісьці ва ўстановы, браць на сябе харчаваньне, базавыя рэчы. Калі рэальна глядзець, гэта вялікі аб’ём працы і часу», — адзначае дзяўчына.
Ірына прызнаецца, што пачала адкладаць грошы на момант вызваленьня сяброўкі, 25% з кожнай падпрацоўкі. Ужо назьбірала каля тысячы эўра. Яна ведае, што гэтаксама робяць калегі ейнай сяброўкі. Суразмоўца ўспамінае, што калі яна сама эмігравала, гэтая ж сяброўка прыехала да яе зь Беларусі ў госьці і купіла неабходныя для кватэры рэчы.
«Я ўяўляю: чалавек прыяжджае, у яе нічога няма. Тое, што можна адразу даць, каб чалавек ня быў залежны ад мяне. Здаецца, гэта дае трошачку свабоды, калі ёсьць свае грошы. Я думала, што так усе робяць», — разважае суразмоўца.
Ірына ўжо падрыхтавала нават зімовую вопратку для сяброўкі. Купіла ёй у падарунак куртку яшчэ да затрыманьня, але не пасьпела аддаць. Вырашыла не прадаваць, бо атрымалася б, што яна ўжо ня верыць, што тая выдзе. Цяпер дзяўчына перажывае, што куртка можа аказацца завялікай, бо людзі ў зьняволеньні моцна трацяць вагу.
«Пэртурбацыі 2020 году, і вайна, і пераезды навучылі мяне аднаму: падрыхтуйся і чакай», — кажа суразмоўца.
Спальня ў шэлтары "Замак", Вільня
Ірына дадае, што ўжо мела досьвед прымаць у эміграцыі знаёмага чалавека, для яго была канапа на кухні, бо яшчэ не было асобнага вольнага пакою. У Беларусі яна валянтэрыла на карысьць уцекачоў з усходніх краін.
Дзяўчына прызнаецца, што мае асьцярогі наконт прыманьня ў сябе незнаёмага чалавека пасьля турмы, хоць яна і пагадзілася на гэта.
«Гэта будзе ня проста незнаёмы чалавек, а чалавек з кучай унутраных праблемаў — акрамя здароўя. Трохі баюся, што зусім не зразумею гэтага чалавека. Думаю пра асабістыя межы, пра тое, як нам кантактаваць, што ў іх ёсьць нейкі свой расклад. Каб мы маглі суіснаваць разам. Чатыры чалавекі дома — гэта вельмі шмат. А людзі ў траўме, і я ня ведаю, ці ім трэба будзе больш асабістай прасторы, ці захочацца ўвесь час быць разам. Думаю, як я гэта перажыву», — разважае Ірына.
Яна дадае, што асьцерагаецца, што і ейная сяброўка выйдзе ўжо іншым чалавекам.
«Што я ёй буду расказваць? Я ў Праванс езьдзіла, у Амэрыку зьлятала. Я баюся нават за знаёмага чалавека. Думаю, турма — гэта іншы сьвет, якога мы не зразумеем, хоць я стараюся шмат чытаць пра турму», — дзеліцца трывогай суразмоўца.
«Я ведаю, як гэта, калі ў чужой краіне ты нікога ня ведаеш»
Настаўніца Тацяна Крапіневіч таксама выказала гатоўнасьць прыняць у сябе дома вызваленых. Яна сама зьехала зь Беларусі год таму пасьля даносаў Вольгі Бондаравай. Цяпер жыве ў Польшчы разам з дачкой. Успамінае, як была ў такой сытуацыі, калі ёй у чужой краіне дапамагалі іншыя людзі.
Тацяна Крапіневіч
«Я ведаю, як гэта, калі ў чужой краіне ты нікога ня ведаеш, табе няма дзе пераначаваць. Калі мы прыляцелі ў Варшаву, мы жылі ў прытулку ў Ганны Федаронак. Гэта было вельмі па-сямейнаму: калі прыяжджаеш туды, адчуваеш сябе як дома. Пасьля такіх пакутаў сустрэць душэўных людзей, якія дадуць табе жытло, ежу — гэта каштоўна. Калі ты застаесься з адным заплечнікам, бяз грошай у кішэні, гэтая дапамога неацэнная», — кажа яна.
Цяпер Тацяна гатовая прапанаваць ужо сваім гасьцям ложак у асобным пакоі, а таксама матрац на падлозе ў тым жа пакоі, калі будзе неабходнасьць узяць дваіх адразу. Разьлічвае, што так яны могуць пажыць месяц. Пасьля, мяркуе, людзі змогуць знайсьці асобнае жытло, працу. А ў гэты час яна з дачкой пажыла б у адным пакоі. Яна гатовая таксама дзяліцца харчаваньнем з гасьцямі.
Тацяна адзначае, што сумневаў у яе не было, каб запоўніць форму і прыняць вызваленых.
«Я гатовая валянтэрыць псыхолягам. Я прыехала ў Польшчу восем месяцаў таму. Цяпер у мяне паўнавартаснае жыцьцё. Працую ў польскай школе настаўніцай. На той момант гэта было неймаверна. Таму нават проста маральна падтрымаць гэтых людзей гатовая. Я цяпер маю на гэта рэсурс», — кажа Тацяна.
Ужо прымалі ўкраінцаў
Беларус Андрэй (прозьвішча не падаем дзеля бясьпекі суразмоўцы. — РС) жыве ў прыватным доме пад Варшавай разам з жонкай і маці. Ён кажа, што яшчэ сёлета ўлетку, пасьля першай хвалі памілаваньня, яны ў сям’і вырашылі, што гатовыя прыняць на першы час вызваленых палітвязьняў, калі будзе такая патрэба. Андрэй сам адсядзеў арышт за палітыку ў Беларусі, пасьля чаго зьехаў з краіны.
«Хто хаця б дзень там пабыў, разумее, што значыць быць у зьняволеньні», — сьцьвярджае ён.
Андрэй мяркуе, што людзям пасьля турмы і выправаджэньня за мяжу варта дапамагаць. У свой час гэтаксама дапамаглі яму сябры, якія выехалі раней за яго.
Сям’я Андрэя гатовая даць два пакоі — на аднаго і на двух чалавек. Іхнае дзіця на гэты час перасялілася б у пакой да бацькоў. Да таго ж Андрэй кажа, што гатовы вазіць сваіх гасьцей ува ўсіх папяровых справах, дапамагчы аформіць дакумэнты, прыкладам, напісаць заяўку на міжнародную абарону, бо ён сам праз гэта праходзіў і ведае, як гэта зрабіць.
Суразмоўца дадае, што ў 2022 годзе іхная сям’я ўжо прымала трох украінцаў, якія ўцякалі ад вайны. Ён тады таксама езьдзіў зь імі, дапамагаў з дакумэнтамі.