Беларусь аднавіла пастаўкі нафтапрадуктаў у Расею пасьля сэрыі ўкраінскіх удараў па расейскіх НПЗ

Выбух на Омскім НПЗ у Расеі. Архіўнае фота

Беларусь аднавіла продаж паліва праз Пецярбурскую біржу.

Як паведаміла агенцтва РБК, гэта адбылося пасьля доўгага перапынку, які пачаўся ўвосень 2024 году.

На Пецярбурскай біржы ўдакладнілі, што за ліпень-верасень на таргах рэалізавалі 96,9 тысяч тон беларускіх нафтапрадуктаў, што на 36% больш, чым летась за аналягічны пэрыяд. Толькі за верасень продаж бэнзіну зь беларускіх НПЗ павялічыўся на 168% у вымярэньні месяц да месяца, а дызэльнага паліва — на 83 %.

Агенцтва адзначыла, што пастаўкі зь Беларусі маюць нясталы характар, і гэты разам аднаўленьне супала з пачаткам павелічэньня напружанасьці на ўнутраным паліўным рынку Расеі. Экспэрты мяркуюць, што частка беларускага паліва ў аб’ёме попыту невялікая, але важная для вырашэньня сытуацыйных праблем.

25 верасьня віцэ-прэм’ер Расеі Аляксандар Новак заявіў аб працягу забароны на экспарт дызэльнага паліва і бэнзіну да канца 2025 году, якую ўвялі сёлета з 1 сакавіка пасьля ўкраінскіх удараў, сканцэнтраваных на аб’ектаў нафтаперапрацоўкі і захоўваньня нафтапрадуктаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея пасьля ўкраінскіх удараў працягвае забарону на экспарт нафтапрадуктаў да канца году

Раней агенцтва Reuters паведамляла, што Расея магла страціць да 17 адсоткаў магутнасьці нафтаперапрацоўкі праз напады ўкраінскіх дронаў. Некалькі буйных заводаў цалкам спынілі вытворчасьць, напады адбываюцца на фоне піка сэзоннага піка попыту.

Праз атакі бесьпілётнікамі цалкам спынялі працу Валгаградзкі, Навакуйбышэўскі, Самарскі, Саратаўскі, Сызранскі нафтаперапрацоўчыя заводы. Ад украінскіх удараў пацярпелі таксама Афіпскі НПЗ, Славянскі НПЗ і Навашахцінскі НПЗ.

На тле новых удараў у верасьні ўсё больш рэгіёнаў Расеі пачалі сутыкацца з недахопам бэнзіну. Паліўны дэфіцыт закрануў ужо больш за 10 суб’ектаў фэдэрацыі, у тым ліку Ніжагародзкую, Растоўскую, Разанскую вобласьці, а таксама акупаваныя Расеяй Крым і Данецкую вобласьць. Крэмль праблему з палівам публічна не прызнае, фэдэральныя тэлеканалы запэўніваюць, што прычына ўсяму — нібыта турыстычны сэзон.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея страціла 17% нафтаперапрацоўкі з-за нападаў украінскіх дронаў і зацікавілася прадукцыяй беларускіх НПЗ