Сьцісла
- «Ціханоўскі ў адзіночнай камэры быў закансэрваваны ў настроях, у эўфарыі 2020 году».
- «Яму цяжка адысьці ад палітычных прыёмаў і манераў, якія ён эксплюатаваў у 2020 годзе»
- «У 2020-м годзе Ціханоўскі ўспрымаўся значнай часткай людзей як лідэр, але сёньня ён такой функцыі ня мае й фактычна выступае ў ролі блогера»
- «Ціханоўскі з той катэгорыі, які можа павесьці за сабой, калі ёсьць рэвалюцыйная сытуацыя ў краіне»
30 верасьня спаўняецца 100 дзён з моманту выхаду з турмы і вывазу за мяжу Сяргея Ціханоўскага. Што ён набыў і страціў за гэты час? Як зьмяніўся Ціханоўскі за гэтыя дні, наколькі ягоны цяперашні вобраз адрозьніваецца ад вобразу 2020 году? Ці знайшоў ён сваё месца ў палітычным жыцьці і чаму ягоныя паводзіны выклікаюць канфлікты й крытыку?
Гэтыя пытаньні мы задалі тром экспэртам — палітычнаму аналітыку Аляксандру Класкоўскаму, мэдыяэкспэрту Паўлюку Быкоўскаму і гісторыку Аляксандру Пашкевічу.
Аляксандар Класкоўскі: «Баюся, што ён сябе так і ня знойдзе»
— Драма Сяргея Ціханоўскага ў тым, што ён трапіў, так бы мовіць, ня ў той час. Беларуская рэчаіснасьць, рэчаіснасьць дыктатуры многіх людзей выкідае з часу, для іх ён у вязьніцы спыняецца. І, вядома, у выпадку Сяргея (вядома, ня толькі ў ягоным), калі чалавек выходзіць пасьля пяці гадоў несвабоды, то яму цяжка асэнсаваць новыя рэаліі.
Тыя, хто на свабодзе, прайшлі вялікую эвалюцыю, многія апынуліся ў эміграцыі. Хто застаўся ў Беларусі, тыя мусяць маўчаць, хаваць свае погляды. А ён, відаць, калі сядзеў у адзіночнай камэры, быў закансэрваваны ў гэтых настроях, у гэтай эўфарыі, можна сказаць, 2020 году. Ён сам быў палітычным нэафітам. І, выйшаўшы, як чалавек імпульсіўны, энэргічны, пачаў пэдаляваць, эксплюатаваць тыя ж прыёмы і лёзунгі, якія добра працавалі тады.
Сяргей Ціханоўскі на прэс-канфэрэнцыі пасьля вызваленьня. Вільня, 22 чэрвеня 2025 году
Калі ж ён убачыў, што гэтыя ягоныя заклікі не працуюць, не знаходзяць належнага водгуку, то пачаў выказваць крыўду, неразуменьне, папракаць беларусаў, што асабліва яскрава выявілася ў сытуацыі, калі ён прасіў ахвяраваць 200 тысяч даляраў на «магутны ўдар па лукашызьме». Але яму заданацілі мала, і ён пачаў, зусім як Аляксандар Лукашэнка, папракаць беларусаў.
Карацей кажучы, ён не патрапіў у настрой грамадзтва. А многія ж і прыватным чынам, і публічна раілі яму спачатку аднавіць здароўе й насыціцца інфармацыяй, але ён ірваўся ў бой. І, на жаль, адну за адной рабіў памылкі. Спачатку праз тры тыдні абяцаў «магутны ўдар па лукашызьме», потым сказаў, што трэба 100 дзён. Потым у яго загучала ўжо, што, маўляў, праз год я, напэўна, падвяду нейкія вынікі сваёй палітычнай дзейнасьці.
Яму цяжка адысьці ад палітычных прыёмаў і манераў, якія ён эксплюатаваў у 2020 годзе
З аднаго боку, Ціханоўскі зразумеў, што ўсё ня так проста, але ўсё ж паказаў сябе дастаткова нягнуткім у гэтым пляне. То бок яму цяжка адысьці ад палітычных прыёмаў і манераў, якія ён эксплюатаваў у 2020 годзе.
І гэты выпадак у Нью-Ёрку, калі ён груба пачаў спрабаваць камандаваць сваёй жонкай. Тут выявілася, па-першае, яго палітычная нясьпеласьць, па-другое, нейкія, відаць, ня самыя станоўчыя рысы характару. Жаданьне мужчынскага дамінаваньня, мужчынскага шавінізму, калі хочаце. У выніку рэзананс гэтага засланіў усе пункты парадку дня важнага заакіянскага турнэ.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мы занадта часта разыходзімся ў меркаваньнях з атачэньнем Сьвятланы». Ціханоўскі апублікаваў адкрыты лістДрама Сяргея Ціханоўскага, яшчэ раз падкрэсьлю, палягае ў тым, што ён трапіў у іншы час і як сьлед не ўсьвядоміў, што гэта іншы час, што гэта замежжа, дзе трэба працаваць з аўдыторыяй зусім іначай.
Ня факт, што Сяргей гэтаму навучыцца, бо ён сам па сабе правадырскага тыпу, ён быў настроены менавіта на гэты палітычны ўздым 2020 году. Ён сам казаў: я не хачу ў нейкую партыю ўступаць і чакаць, калі будзе чарговы партыйны сход. Але для вулічнай барацьбы сёньня няма ўмоваў ані ў Беларусі, ані ў эміграцыі. Нават у эміграцыі, як ён заўважыў, людзі хаваюць твары пад маскамі. Таму ён як выкінутая на бераг рыба.
На жаль, баюся, што ён сябе так і ня знойдзе. І або гэта будзе вылівацца ў новыя канфлікты, або ён проста можа замкнуцца ў сабе, весьці нейкі блогерскі канал. Але сёньня спадзявацца на ранейшую папулярнасьць не выпадае, бо колькі там ні выкрывай рэжым ці колькі ні заклікай ісьці на барыкады — у сёньняшніх рэаліях гэта немагчыма.
Вядома, найлепшым варыянтам для яго было б адаптавацца, асэнсаваць новыя рэаліі й знайсьці сваю нішу. І, вядома, не пераходзіць дарогу Сьвятлане й не кідаць цень на яе аўтарытэт, як гэта ён зрабіў на той сустрэчы ў Нью-Ёрку. Калі ён на мітынгу публічна абдымаў жонку, гэта паказвала яго жаданьне падкрэсьліць, што для вас яна лідэрка, можа кумір, а для мяне гэта толькі мая жанчына. І калі гэта глыбока сядзіць у ягонай натуры, то яму будзе цяжка гэта пераламаць. Таму я дапускаю, што могуць быць новыя канфлікты і палітычнага кшталту, і, можа, нават сямейнага.
Ціханоўскі на перадвыбарчым пікеце ля менскага Камароўскага рынку. 24 траўня 2020 году
Паўлюк Быкоўскі: «Раптам дзяржаўная прапаганда загаварыла фэміністычнай мовай — „грубы муж дамінуе над слабой жанчынай“»
— Да траўня 2020 году Сяргей Ціханоўскі ўспрымаўся як сымбаль або рупар голасу народу. Людзі, раней не гатовыя выказвацца крытычна пра Аляксандра Лукашэнку, атрымалі такую магчымасьць — і гэта зрабіла вялікае ўражаньне народнага ўздыму.
Але гэта было пяць гадоў таму. А цяпер, калі Ціханоўскі выйшаў з турмы, рэальнасьць і грамадзкія настроі сталі іншымі. Ён абяцаў „моцны ўдар па лукашызьме“, зьбіраў грошы — але не было зразумела, як канкрэтна гэта будзе адбывацца. Даволі хутка з мэдыйнай пэрсоны, якая выклікала выключна пазытыўныя эмоцыі, Ціханоўскі пачаў ператварацца ў пэрсону, якая выклікае нэгатыў.
І калі мы даходзім да таго, што адбылося ў Нью-Ёрку, то, уласна кажучы, мы ня ведаем, што там адбываецца ў сям’і. Ёсьць лідэрка, якая мае пэўнае прызнаньне, шырокае кола абавязкаў. І ёсьць іншы чалавек, якога ў 2020 годзе вялікая частка беларусаў ўспрымала як лідэра. Але сёньня ён такой функцыі ня мае й фактычна выступаў у ролі блогера, які проста дае магчымасьць выказацца й задае вострыя пытаньні. І здарылася сытуацыя, дзе гэтыя ролі сутыкнуліся.
З мэдыйнай пэрсоны, якая выклікала выключна пазытыўныя эмоцыі, Ціханоўскі пачаў ператварацца ў пэрсону, якая выклікае нэгатыў
Натуральна, што тут падключылася прапагандысцкая машына ўладаў. Раптам прагучалі ацэнкі, раней не ўласьцівыя дзяржаўнай прапагандзе, кансэрватыўна настроенай што да ролі жанчыны, ролі мужчыны й гэтак далей. А тут раптам дзяржаўная прапаганда загаварыла моваю людзей фэміністычных поглядаў. «Грубы муж дамінуе над слабой жанчынай».
Сам па сабе інфармацыйны інцыдэнт быў выкарыстаны, каб чарговы раз сьцьвердзіць наратыў: апазыцыя («беглые», як яны любяць казаць) уся ў сварках, у іх няма адзінства і гэтак далей. Вось і тут адкрываецца магчымасьць параўнаньня з Аляксандрам Лукашэнкам, кажа прапаганда. Вось ён — бацька, самы лепшы, вакол яго трэба яднацца. А яны — акторы пагарэлага тэатру, так бы мовіць.
І прапаганда такім чынам ператварае вобраз «першага джэнтэльмэна», які спрабавалі стварыць у першыя моманты пасьля выхаду Сяргея Ціханоўскага на волю, у нейкі зьдзеклівы мэм, дыскрэдытуючы ня толькі яго, але і Сьвятлану Ціханоўскую.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Спроба паставіць жонку на месца». «Шчырасьць, прамата і характар». У сацсетках абмяркоўваюць спрэчку ЦіханоўскіхАляксандар Пашкевіч: «Ціханоўскі 2025 году нічым асабліва не адрозьніваецца ад Ціханоўскага ўзору 2020-га»
— Думаю, што расчараваныя былі тыя, хто чакаў, што Ціханоўскі будзе не такім, якім быў у 2020 годзе, што прыйдзе мудры чалавек зь нейкімі ўяўленьнямі пра тое, што трэба рабіць, як трэба рабіць. Але гэтага мы не пабачылі. Можна ўжо сказаць, што Ціханоўскі 2025 году нічым асабліва не адрозьніваецца ад Ціханоўскага узору 2020-га.
А тыя, хто чакаў менавіта такога Ціханоўскага, які пачне радыкальна штосьці мяняць найхутчэйшымі тэмпамі — таксама, думаю, расчараваныя ў пэўнай ступені. Бо хоць Ціханоўскі сапраўды гэта стараўся зрабіць, унесьці новы струмень у жыцьцё беларускай замежнай супольнасьці (замест той асьцярожнай палітыкі, якую праводзяць Сьвятлана Ціханоўская), зрабіць больш актыўную, больш напорыстую палітыку — нічога не атрымалася, бо гэтаму не спрыяюць сама сытуацыя й умовы эмігранцкага жыцьця.
Я, напрыклад, ад яго нічога такога не чакаў, таму ў мяне няма асаблівага расчараваньня. Хутчэй спраўдзіліся мае асьцярогі. Але ў прынцыпе можна ў якасьці пазытыву назваць тое, што ён хаця б ня стаў адкрыта супрацьстаяць эмігранцкаму палітычнаму мэйнстрыму. Пакуль ён усё ж трымаецца ў пэўных рамках.
Сяргей і Сьвятлана Ціханоўскія падчас сустрэчы зь беларусамі ў Варшаве. 25 чэрвеня 2025 году
Калі вы просіце мяне правесьці нейкія гістарычныя паралелі, то трэба параўноўваць яго зь дзеячамі, вымушанымі пакінуць радзіму і арганізоўваць супраціў у выгнаньні. Так, мы ведаем прыклады, калі людзі сапраўды актыўна дзейнічалі за мяжой, а пасьля, калі пачыналіся хваляваньні ўнутры краіны, вярталіся й узначальвалі гэты рух ці прынамсі яго максымальна выкарыстоўвалі.
Найбольш вядомы прыклад Уладзіміра Леніна, ягонай партыі бальшавікоў. Ён сапраўды быў у эміграцыі амаль 20 гадоў, адтуль накіроўваў змаганьне, ствараў партыю, якая ў рэшце рэшт сказала сваё слова ў кастрычніку 1917 году.
Ленін разумеў, што калі будуць зьмены, то яны будуць унутры краіны, і, жывучы на эміграцыі, ён сваю энэргію і бачаньне накіроўваў на тэрыторыю Расеі. Ён будаваў партыю бальшавікоў, былі суполкі на заводах, барацьба не сьціхала. Умовы тагачаснай Расейскай імпэрыі дазвалялі гэта рабіць.
Ціханоўскі з той катэгорыі, што можа павесьці за сабой, калі ёсьць рэвалюцыйная сытуацыя ў краіне
Іншы прыклад — гэта аятала Хамэйні, які вярнуўся пасьля эміграцыі і ўзначаліў Іран, калі там адбылася ісламская рэвалюцыя.
У Беларусі цяпер я ня бачу такіх магчымасьцяў. Па-першае, кіруе нагэтулькі жорсткі рэжым. Па-другое, ня бачу такога палітычнага, інтэлектуальнага патэнцыялу ў Ціханоўскага. Гэта ўсё ж ня той інтэлектуальны, ідэйны лідэр, ня Ленін, не Хамэйні.
Ціханоўскі, як выглядае, з той катэгорыі, што можа павесьці за сабой, калі ёсьць рэвалюцыйная сытуацыя ў краіне, можа ўзначаліць калёну. А вось рабіць сыстэмную і доўгатэрміновую арганізацыйную працу — тут трэба іншыя якасьці. Нават у 2020 годзе ён не стварыў нейкай структуры, арганізацыі, моцнага грунту — ягоная ініцыятыўная група была вельмі нешматлікай. Таму я ня надта веру ў здольнасьць Ціханоўскага працаваць іначай і ствараць менавіта ідэйна-арганізацыйную базу і структуру.