Орбан паставіў пад сумнеў сувэрэнітэт Украіны

Віктар Орбан

Вугорскі лідэр Віктар Орбан заявіў, што ня мае значэньня, ці праляцелі некалькі вугорскіх дронаў над Украінай, паколькі ён ня лічыць Украіну незалежнай, сувэрэннай краінай.

Пра гэта паведамляе Euronews.

Прэм’ер-міністар Вугоршчыны Віктар Орбан у інтэрвію, апублікаваным сёньня, заявіў, што нават калі вугорскі беспілётнік трапіць у паветраную прастору Ўкраіны, Кіеў павінен змагацца зь бесьпілётнікамі, якія прылятаюць з усходу, з Расеі.

У пятніцу прэзыдэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што разьведны бесьпілётнік з Вугоршчыны парушыў паветраную прастору Ўкраіны, праляцеўшы над прамысловымі абʼектамі ў Закарпацкай вобласьці.

Раней міністар замежных спраў Вугоршчыны Петэр Сіярта адпрэчыў заявы Ўкраіны, але Орбан ня стаў адмаўляць інцыдэнт.

«Я веру сваім міністрам, але, дапусьцім, ён сапраўды праляцеў там некалькі мэтраў, і што? Украіна не зьяўляецца незалежнай краінай. Украіна не зьяўляецца сувэрэннай краінай», — сказаў Орбан.


Напружанасьць у адносінах паміж Вугоршчынай і Ўкраінай узмацнілася

Міністар замежных спраў Вугоршчыны Петэр Сіярта абверг інфармацыю аб тым, што бесьпілётнік, аб якім ідзе гаворка, належыць Вугоршчыне, і абвінаваціў украінскага лідэра ў распальваньні антывугорскіх настрояў.

Яго ўкраінскі калега Андрэй Сібіга ў адказ прадэманстраваў мапу з маршрутам дрона, назваўшы вугорскіх чыноўнікаў «сьляпымі».

«Для сьляпых вугорскіх чыноўнікаў: Гэта дакладны маршрут учорашняга ўварваньня беспілётніка з Вугоршчыны ў паветраную прастору Ўкраіны. Нашы ўзброеныя сілы сабралі ўсе неабходныя доказы, і мы ўсё яшчэ чакаем ад Вугоршчыны тлумачэньняў, што гэты абʼект рабіў у нашай паветранай прасторы», — напісаў Сібіга.

Вугоршчына зьяўляецца галоўным апанэнтам намеру Ўкраіны ўступіць у ЭЗ. Будапэшт пагражае накласьці вета на адкрыцьцё перамоваў аб уступленьні. Орбан раней заявіў, што ўступленьне Ўкраіны ў ЭЗ стане эканамічнай катастрофай як для Вугоршчыны, гэтак і для ЭЗ.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вынік выбараў у Малдове — перамога для Брусэлю і Кішынёва. Аналіз Рыкарда Юзьвяка