Украінскі журналіст і праваабаронца Максім Буткевіч, які вярнуўся з расейскага палону, узнагароджаны прэміяй Вацлава Гавэла.
«Для мяне вялікі гонар быць тут сёньня, і яшчэ большы гонар атрымаць гэтую ўзнагароду, якая так шмат значыць для мяне і для ўсіх нас... Той факт, што я стаю тут, — гэта таксама абяцаньне таго, што ўсе, хто зараз знаходзіцца ў расейскім палоне, а таксама ў турмах аўтарытарных рэжымаў, будуць вызваленыя», — працытавала Ўкраінская служба Радыё Свабода выказваньне Максіма Буткевіча падчас цырымоніі ўзнагароджаньня ў Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы.
Прэміяй імя Вацлава Гавэла з 2013 году ўзнагароджвае Парлямэнцкая асамблея рады Эўропы супольна зь Бібліятэкай Вацлава Гавэла і Charta 77 Foundation. Гэта штогадовая прэмія за заслугі ў абароне правоў чалавека ў Эўропе і за яе межамі.
Максім Буткевіч — украінскі праваабаронца і журналіст. Максім Буткевіч спэцыялізуецца на абароне правоў уцекачоў. У красавіку 2021 году ён першым паведаміў аб незаконных дзеяньнях СБУ ў дачыненьні да беларускага анархіста Аляксея Балянкова.
Праваабаронца таксама ўдзельнічаў у шэрагу захадаў, прымеркаваных праблемам легалізацыі беларусаў, якія пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у 2020 годзе ўцякалі ад палітычнага перасьледу зь Беларусі ва Ўкраіну.
У сакавіку 2022 году ён пайшоў на службу ва ўкраінскае войска, каб абараняць Украіну ад расейскай агрэсіі. Трапіў у палон пад Луганскам, дзе яго асудзілі на 13 гадоў зьняволеньня.
18 кастрычніка 2024 году яго вызвалілі з расейскага палону ў рамках узаемнага абмену паміж Украінай і Расеяй.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея і Ўкраіна абмяняліся палоннымі. Расейскія вайскоўцы цяпер у Беларусі