Пачалася працэдура банкруцтва прадпрыемства «Белвест»

Ілюстрацыйнае фота

Другое ў сучаснай гісторыі Беларусі супольнае прадпрыемства з замежным капіталам, віцебскі «Белвест», падаў заяву аб сваёй эканамічнай няплатаздольнасьці.

Стала вядома, што 16 верасьня Эканамічны суд Віцебскай вобласьці разгледзеў заяву і адкрыў на даўжніка конкурснае вядзеньне. Яно працягнецца чатыры месяцы, паведаміла дзяржаўнае выданьне «Віцьбічы» з спасылкай на судовыя матэрыялы.

Яшчэ ў ліпені сёлета Віцебскі аблвыканкам увёў вонкавае кіраваньне «Белвестам». Крыху пазьней яго ж увялі для дыстрыбутарскай структуры «Белвест рытэйл Масква». Апошняя разьвівае раздробны гандаль у Расеі, на яго прыпадае 75% усіх продажаў аб’яднаньня.

Што прымусіла прадпрыемства пайсьці на радыкальны крок — падачу на прызнаньне няплатаздольнасьці?

Прычыну назвала намесьніца старшыні аблвыканкаму Анжаліка Нікіціна ў інтэрвію «Віцьбічам». Зьявіліся прыкметы няплатаздольнасьці «Белвесту», а менавіта зьніжэньне аб’ёмаў вытворчасьці, рост складзкіх запасаў, павелічэньне пазыкавых абавязаньняў і няздольнасьць іх абслугоўваць. На момант падачы заявы ў суд запазычанасьць «Белвесту» складала ўжо 259 млн рублёў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі зноў увялі ліцэнзіі на імпарт скуры

«Адпрацаваўшы ў такім рэжыме летнія месяцы, удалося забясьпечыць пагашэньне запазычанасьці кампаніі ў падатках і зборах і перад Фондам сацыяльнай абароны насельніцтва, стабілізаваць выкананьне бягучых фінансавых абавязаньняў, перш за ўсё перад работнікамі. Тым ня менш назапашаныя даўгі ствараюць вялікія праблемы ў апэрацыйнай дзейнасьці. Больш за тое, фінансавы цяжар фактычна блякуе разьвіцьцё, не дазваляючы нарошчваць аб’ёмы вытворчасьці, укараняць інавацыі. У такіх абставінах мясцовыя ўлады разам з мэнэджмэнтам кампаніі вырашылі зрабіць наступны крок — увайсьці ў працэдуру санацыі. Яе ініцыятарам выступіла СТАА „Белвест“», — патлумачыла Анжаліка Нікіціна.

Паводле яе, распрацаваны папярэдні плян санацыі на 3 гады. У гарвыканкаме мяркуюць, што гэта дапаможа прадпрыемству выйсьці з складанага фінансавага становішча.

«Белвестам» валодаюць расейцы Юрый Суманееў і Дзьмітрый Ганцоў. Першы — яшчэ і генэральны дырэктар прадпрыемства, ён цяпер супольна з кіраўніком, якога прызначыў горад, спрабуе выратаваць свае актывы.

У склад аб’яднаньня «Белвест» таксама ўваходзяць Горадзенская абутковая фабрыка «Нёман», кампаніі «Белвест Рытэйл» (сетка раздробнага гандлю ў Беларусі) і «Гандлёвы дом „Белвест“ (гуртавы гандаль у Расеі), IT-структура „Лацыт — Лябараторыя лічбавых тэхналёгій“. Апошняя займаецца рабатызаваньнем апрацоўкі скуры. Яна ў 2024 годзе запусціла першы рабатызаваны ўчастак на тэрыторыі гарбарнага камбінату ў Гатаве.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Урад Беларусі забраў у камэрцыйнага банку акцыі трох стратных прадпрыемстваў, частку пастановы засакрэцілі