«Вельмі хутка». Прадстаўнік Трампа выказаўся пра магчымае вызваленьне Бяляцкага

Джон Коўл на тэрыторыі амбасады ЗША ў Вільні, 11 верасьня 2025

Прадстаўнік прэзыдэнта ЗША Джон Коўл на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы Х напісаў, што займаецца пытаньнем вызваленьня беларускага палітвязьня, ляўрэата Нобэлеўскай прэміі міру, праваабаронцы Алеся Бяляцкага.

28 верасьня Коўл са словамі I’m on it (Я займаюся гэтым) перапосьціў допіс Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня, апублікаваны некалькімі днямі раней — 25 верасьня, у дзень нараджэньня Бяляцкага.

«Сёньня спаўняецца 63 гады ляўрэату Нобэлеўскай прэміі міру, заснавальніку праваабарончага цэнтру „Вясна“, палітвязьню Алесю Бяляцкаму. Гэта ўжо пяты ягоны дзень народзінаў за кратамі, дзе ён нядаўна перанёс апэрацыю. Вельмі важна дамагчыся вызваленьня Алеся і ўсіх 1200+ палітвязьняў у Беларусі...», — гаворылася ў допісе НАУ.


У камэнтарах на Х Коўла спыталі, «Калі гэта можа адбыцца?».

«Вельмі хутка», — адказаў прадстаўнік прэзыдэнта ЗША.

11 верасьня пасьля сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з прадстаўнікамі ЗША ў Беларусі вызвалілі 52 палітычных зьняволеных. Адказваючы на пытаньне журналістаў, Джон Коўл тады сказаў, што сьпіс асобаў на вызваленьне вызначалі ўлады Беларусі.

Раней, 5 верасьня на прэс-канфэрэнцыі ў Белым доме прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што Вашынгтон і Менск вядуць перамовы пра вызваленьне часткі з 1400-1500 затрыманых у Беларусі, большасьць зь якіх — палітвязьні. Гаворачы пра вызваленых і пра астатніх зьняволеных, Трамп тады ўжыў слова «закладнікі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Алесь Бяляцкі перанёс у зьняволеньні апэрацыю. Сёньня ў яго дзень народзінаў
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Бяляцкі — зорка на небасхіле Беларусі», — сьпікер Сейма Літвы адкрыў выставу пра зьняволенага нобэлеўскага ляўрэата. ФОТА
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Эўрапарлямэнце віталі Бяляцкага з днём народзінаў: «Мужнасьць за кратамі, надзея для Беларусі»