Як найменей чатыры чалавекі загінулі ад расейскага начнога ўдару па Кіеве. Зяленскі абяцае ўдары ў адказ

Наступствы расейскага удару па Кіеве ў ноч на 28 верасьня

Ня менш за чатыры чалавекі загінулі ў выніку начнога ўдару расейскіх войскаў па сталіцы Ўкраіны. Як паведаміў начальнік Кіеўскай гарадзкой ваеннай адміністрацыі Цімур Ткачэнка, сярод загінулых – 12-гадовая дзяўчынка, а таксама лекар і пацыент Інстытуту кардыялёгіі.

Па словах мэра Кіева Віталя Клічко, разбурэньні зафіксаваныя прыкладна ў дваццаці мясьцінах у горадзе. У прыватнасьці, загарэліся два паверхі Інстытуту кардыялёгіі. Экстранныя службы працягваюць працу на месцах, разьбіраюць завалы і правяраюць пашкоджаныя будынкі.

У Запарожжы ноччу былі паранены больш за 20 чалавек, двое з іх знаходзяцца ў цяжкім стане. Пацярпелі жылы дом і аб'ект інфраструктуры.

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі напісаў у сацыяльных сетках, што асноўнымі напрамкамі расейскай атакі, якая доўжылася больш за 12 гадзін, мінулай ноччу былі Кіеў і вобласьць, Запарожжа, Хмяльніцкая вобласьць, Сумская і Адэская вобласьці.

Зяленскі заявіў, што Украіна будзе наносіць удары ў адказ, каб «прымусіць Расею да дыпляматыі».