Паводле яго слоў, такая пэрспэктыва ўяўляе пагрозу бясьпецы Ізраіля і падрывае яго нацыянальныя інтарэсы.
Нэтаньягу падкрэсьліў, што ваенныя дзеяньні супраць прызнанай у ЗША і ЭЗ тэрарыстычнай палестынскай групоўкі ХАМАС будуць працягнутыя да поўнай ліквідацыі пагрозы, якая зыходзіць ад яе.
«Апошнія рэшткі ХАМАС заселі ў горадзе Газа. Яны клянуцца паўтараць зьверствы 7 кастрычніка зноў і зноў, незалежна ад таго, наколькі скароцяцца іх сілы. Вось чаму Ізраіль павінен давесьці справу да канца. Вось чаму мы хочам зрабіць гэта як мага хутчэй», — заявіў ізраільскі прэмʼер.
Выступленьне Нэтаньягу адбылося неўзабаве пасьля таго, як Францыя, Вялікая Брытанія і шэраг іншых дзяржаў прызналі Палестыну незалежнай дзяржавай.
З трыбуны ААН прэмʼер-міністар Ізраілю абвінаваціў заходніх лідэраў у тым, што яны паддаліся ціску «прадузятых СМІ і антысэміцкіх натоўпаў». «Калі робіцца па-сапраўднаму цяжка, вы здаецеся», — заявіў Нетаньяху, пералічыўшы, у прыватнасці, лідэраў Францыі, Вялікай Брытаніі, Аўстраліі і Канады.
«Ваша ганебнае рашэньне падштурхне тэрарызм супраць габрэяў і нявінных людзей па ўсім сьвеце. Гэта будзе ганьбай для ўсіх вас. Вы даяце вышэйшую ўзнагароду нецярпімым фанатыкам, якія ўчынілі і падтрымалі разьню. Даць палестынцам дзяржаву ў мілі ад Іерусаліма пасьля 7 кастрычніка — гэта ўсё роўна, што пасьля 11 верасьня даць „Аль-Каідзе“ дзяржаву ў мілі ад Нью-Ёрку» — сказаў кіраўнік ураду Ізраілю.
«Ізраіль не дазволіць вам навязаць яму тэрарыстычную дзяржаву. Мы будзем абараняць сябе і сваю будучыню, нягледзячы на ціск звонку», — падкрэсьліў Нэтаньягу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША шосты раз наклалі вэта на рэзалюцыю Рады бясьпекі ААН аб ГазеПрэзыдэнт Палестынскай адміністрацыі Махмуд Абас у чацьвер выступіў са зваротам у фармаце відэасувязі. Ён асудзіў атаку ХАМАС на Ізраіль 7 кастрычніка 2023 году і заявіў аб непрымальнасьці антысэмітызму. Аднак Нэтаньягу ў сваёй прамове назваў Палестынскую адміністрацыю «карумпаванай» і паставіў пад сумнеў яе ролю ў патэнцыйных перамовах аб урэгуляваньні ў Газе.
Тэма анэксіі Заходняга берага ракі Ярдан, якая абмяркоўваецца ў ізраільскім урадзе, у прамове Нэтаньягу закранутая не была. Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп, які прасоўвае ўласны плян урэгуляваньня палестына-ізраільскага канфлікту, зьвязаны з раззбраеньнем ХАМАС, папярэдзіў у чацьвер, што не дапусьціць анэксіі Заходняга берага.
Нягледзячы на разыходжаньні з Трампам па асобных пытаньнях, Нэтаньягу падкрэсьліў важнасьць супрацоўніцтва з Вашынгтонам і станоўча адазваўся аб Трампе, які ў пятніцу сказаў, што папярэднія дамоўленасьці аб спыненьні агню ў Газе, магчыма, ужо дасягнутыя.
Дэлегацыя Ірана байкатавала выступ ізраільскага прэмʼера, разьмясьціўшы на сваім стале фатаграфіі ахвяр ізраільскіх авіяўдараў па Іране ў чэрвені сёлета. У час прамовы Нэтаньягу некалькі дэлегацый дэманстратыўна пакінулі пасяджэньне Генэральнай Асамблеі ААН, аднак прадстаўнікі многіх краін сустрэлі яго выступ воплескамі. Каля будынку ААН прайшлі дэманстрацыі з заклікамі да арышту ізраільскага прэмʼер-міністра па абвінавачаньні ў ваенных злачынствах.
Нэтаньягу адпрэчыў абвінавачваньні на адрас Ізраіля ў генацыдзе палестынцаў у Газе, падкрэсьліўшы, што ізраільскае войска папярэджвае цывільных жыхароў аб хуткіх ударах. Па дадзеных ААН, амаль усе жыхары сэктару былі вымушаныя пакінуць свае дамы.
Завяршаючы выступ, Нэтаньягу перайшоў на іўрыт і зьвярнуўся да закладнікаў, якіх утрымліва ХАМАС: «Мы не забыліся пра вас ні на імгненьне. Ізраіль будзе дамагацца вяртаньня ўсіх — жывых і загінуўшых». Размова Нэтаньягу трансьлявалася ў Газе праз гукаўзмацняльнікі — у надзеі, што закладнікі пачуюць яго словы.