20-гадовага слонімца будуць судзіць за махлярства: ён ашукаў 193 чалавек на арэндзе кватэраў

Ілюстрацыйнае фота

Пакуль падазраваны застаецца пад вартай.

У Горадзенскай вобласьці пракуратура накіравала ў суд справу супраць 20-гадовага жыхара Слоніма, які абвінавачваецца ў махлярстве ў асабліва буйным памеры. Падрабязнасьці расказалі ў прэс-службе Генэральнай пракуратуры.

Паводле вэрсіі сьледзтва, малады чалавек разам з саўдзельнікам арганізаваў ашуканскую схему з арэндай кватэраў у Горадні, Менску, Гомлі, Віцебску і Магілёве. Ягонай задачай было шукаць банкаўскія рахункі і кантраляваць плацежныя карткі, на якія павінны былі паступаць скрадзеныя сродкі. Таксама ён займаўся разьмеркаваньнем грошай.

У сваю чаргу, у пэрыяд зь ліпеня па жнівень 2024 году ягоны саўдзельнік разьмяшчаў ашуканскія аб'явы аб здачы кватэр у арэнду на розных інтэрнэт-пляцоўках. Выкарыстоўваючы падробленыя пашпарты беларусаў, ён меў зносіны з патэнцыйнымі арандатарамі праз мэсэнджары і прасіў іх пераводзіць перадаплату.

У выніку дзеяньняў ашуканцаў 193 чалавекі страцілі 41,3 тыс. рублёў. Абвінавачаны застаецца пад вартай да суда. Выглядае, што ягонага саўдзельніка пакуль не арыштавалі. Прынамсі, Генэральная пракуратура не падае пра гэта інфармацыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кампанія VFS Global папярэдзіла беларусаў пра схемы махлярства зь візавымі запісамі