Вуліцу ў Менску назвалі імем супрацоўніка КДБ, загінулага падчас уварваньня ў кватэру праграміста Зельцара

Супрацоўнік КДБ, імем якога назвалі вуліцу ў Менску. Архіўнае фота

Сёлета ў ліпені такую прапанову падтрымала Камісія пры Менгарвыканкаме.

Менскі гарадзкі савет дэпутатаў ухваліў рашэньне аб прысваеньні вуліцы на тэрыторыі жылога комплексу «Паўночны бераг» імені старшага лейтэнанта Дзьмітрыя Федасюка, паведаміла дзяржаўнае агенцтва БелТА.

Федасюк загінуў у часе перастрэлкі пры спробе сілавікоў патрапіць у кватэру Андрэя Зельцара — праграміста, які загінуў, аказваючы збройны супраціў групе апэратыўнікаў КДБ падчас ператрусу ў ягонай кватэры ў Менску ў верасьні 2021 году.

Трагедыя 28 верасьня 2021 году — афіцыйная вэрсія падзеяў

Паводле афіцыйнай вэрсіі, Дзьмітры Федасюк загінуў 28 верасьня 2021 году падчас «спэцапэрацыі па выяўленьні і затрыманьні людзей, датычных да тэрарыстычнай дзейнасьці». Паведамлялі, што ў кватэры на вуліцы Якубоўскага па супрацоўніках праваахоўных органаў быў адкрыты агонь. Федасюк, як сьцьвярджаецца, кінуўся насустрач стрэлам, прыняўшы агонь на сябе і прыкрыўшы таварышаў. Ён быў сьмяротна паранены, але ў адказ зьліквідаваў нападніка — Андрэя Зельцара, які таксама загінуў у выніку перастрэлкі. За «адвагу, праяўленую пры выкананьні службовых абавязкаў», Аляксандар Лукашэнка пасьмяротна ўзнагародзіў Федасюка ордэнам «За асабістую мужнасьць».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Два гады калёніі для чалавека ні за што — гэта мала?». Што новага ў затрыманых у «справе Зельцара»

Вэрсія ByPol — Федасюка маглі сьмяротна параніць свае

Былыя сілавікі з ініцыятывы ByPol у сваім расьсьледаваньні сьцьвярджаюць: Федасюк мог загінуць ад кулі калегі. У відэа, якое распаўсюдзілі спэцслужбы, нібыта зьмяшаныя пастановачныя і рэальныя кадры, а гук стрэлаў — накладзены асобна. Згодна з вэрсіяй ByPol, Зельцара маглі зьліквідаваць, каб схаваць памылку, зробленую падчас штурму.

Акрамя таго, ByPol заяўляе, што сілавікі прыйшлі ў кватэру Зельцара не па яго, а па брата ягонай жонкі, які быў прапісаны ў кватэры і выклаў у Instagram відэа атакі на базу АМАПу.

Жонку Зельцара Марыю Ўсьпенскую абвінавацілі ў саўдзеле ў забойстве і адправілі на прымусовае лячэньне ў псыхіятрычны стацыянар.

І Федасюку, і Зельцару быў 31 год.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ён плача, калі па вечарах разглядае здымкі». Сямёра дзяцей чакаюць дадому тату, які сядзіць у «справе Зэльцара»