Лукашэнка заявіў, што другая АЭС у Беларусі зможа забясьпечваць энэргіяй акупаваныя Расеяй рэгіёны Ўкраіны

Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін на Глябальным атамным форуме ў Маскве 25 верасьня 2025 году

Аляксандар Лукашэнка заявіў, што другую атамную станцыю можна пабудаваць на ўсходзе Беларусі.

Аляксандар Лукашэнка назваў акупаваныя Расеяй рэгіёны Ўкраіны «вызваленымі».

«Сёньня з вамі, калі вы ўхваліце праект пашырэньня або будаўніцтва новай атамнай станцыі, можа быць нават на ўсходзе Беларусі, — з мэтай, калі гэта будзе неабходна, забесьпячэньня электраэнэргіяй усходніх раёнаў (вызваленых) Расеі», — працытаваў Telegram-канал «Пул первого» зварот Аляксандра Лукашэнкі да Ўладзіміра Пуціна.

«Калі рашэньне будзе, мы адразу пачнем новую станцыю ставіць, калі будзе патрэба на захадзе Расеі і ў вызваленых рэгіёнах», — заявіў Лукашэнка, якога цытуе БелТА.

Паводле яго, «Расатом» ужо распрацаваў варыянты далейшага пашырэньня атамнай энэргетыкі Беларусі. Але адмовіўся назваць аб’ём неабходных фінансавых сродкаў.

«Пытаньне зь фінансаваньнем увогуле не стаіць. Калі ёсьць спажывец, які будзе браць электраэнэргію і плаціць патрэбны тарыф, гэта ўвогуле не праблема», — адказу Ўладзімір Пуцін Лукашэнку.

25 верасьня Лукашэнка на Глябальным атамным форуме ў Маскве прапанаваў паслугі Беларусі па будаўніцтве АЭС прэм'ер-міністру Армэніі Ніколу Пашыньяну, зь якім яны ўпершыню кантактавалі пасьля пагаршэньня дачыненьняў праз падтрыманьне Лукашэнкам Азэрбайджану ў карабахскім канфлікце.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пацісканьне рукі Пашыньяну, падзяка Гросі, пляны на супрацу з Расатамам. Лукашэнка выступіў на форуме ў Маскве