«Пляны ў нас заўсёды будуць адны. Гэта, па-першае, абмен інфармацыяй, пажадана правядзеньне нейкіх супольных мерапрыемстваў, пачынаючы ад археалягічных раскопак або экспэдыцый. Ну і правядзеньне канфэрэнцый, і, вядома ж, па магчымасьці абмен выстаўкамі», — працытаваў тэлеканал «Крым 24» дырэктара горадзенскага музэю Юрыя Кітурка.
Паводле яго, супрацоўнікі музэяў абмяркуюць дэталі супрацы і ўключаць іх у свае пляна на наступны год.
«У межах гэтага партнэрства могуць быць дасьледаваныя тэмы, зьвязаныя зь гісторыяй Крыму і Беларусі», — паведаміў крымскі тэлеканал.
У сайце Міністэрства культуры акупаванага Расеяй Крыму адзначаецца, што цягам апошніх некалькіх дзён «установы культуры Крыму і Беларусі падпісалі шэраг дамоў аб супрацы і пэрспэктывах рэалізацыі супольных праектаў, у тым ліку музэі, бібліятэкі, тэатры і філярмоніі». Аднак не ўдакладняюць, якія дакумэнты ўжо падпісалі, апроч згаданага паміж горадзенскім і ялцінскім музэямі.
На афіцыйным сайце расейскага ўраду Крыму ўвогуле адсутнічае інфармацыі аб правядзеньні Дзён Крыму ў Беларусі, нягледзячы на тое, што дэлегацыю ўзначальвае намесьнік яго старшыні і сталы прадстаўнік Крыму пры прэзыдэнце Расеі Георгій Мурадаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Стаўленік Пуціна ў Крыме абгрунтаваў адзінства беларусаў і расейцаў цытатай Багдановіча. Што ў ёй ня такБеларусь пачала ўмацоўваць кантакты з анэксаваным Расеяй Крымам пасьля расейскага поўнамаштабнага ваеннага ўварваньня ва Ўкраіну ў 2022 годзе:
- У верасьні 2022 году пагадненьне аб супрацы падпісалі Менск і горад Севастопаль,
- У сакавіку 2023 году дамову аб супрацы падпісалі Віцебскі аблвыканкам і акупацыйныя ўлады Крыму.
- У чэрвені 2024 году ўлады Віцебска і Віцебскай вобласьці падпісалі пагадненьні з акупацыйнымі ўладамі Сімферопалю, Феадосіі і Сакаўскага раёну Крыму, а таксама пратакол аб намерах стварэньня свабоднай эканамічнай зоны «Віцебск — Крым».