Польшча пасьля адкрыцьця мяжы заклікала сваіх грамадзян неадкладна выехаць зь Беларусі

Фота ілюстрацыйнае

Пасольства Польшчы ў Беларусі рэкамэндавала польскім грамадзянам устрымацца ад любых паездак у Беларусь праз «узмацненьне напружанасьці, вайны ў рэгіёне і паўторных адвольных арыштаў польскіх грамадзян».

«У выпадку рэзкага пагаршэньня сытуацыі зь бясьпекай, закрыцьця межаў або іншых непрадбачаных абставін эвакуацыя можа аказацца значна больш складанай або нават немагчымай. Міністэрства замежных спраў заклікае польскіх грамадзян, якія застаюцца ў Рэспубліцы Беларусь, неадкладна пакінуць яе тэрыторыю, выкарыстоўваючы даступныя камэрцыйныя і прыватныя сродкі», — адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні.

У пасольстве паведамілі, што для пасажырскіх перавозак з Польшчай адкрыты толькі адзін памежны пункт пропуску Тарэспаль — Берасьце, для грузавых аўтамабіляў працуе пераход Кукурыкі — Казловічы.

Аб закрыцьці пунктаў пропуску на мяжы Польшчы і Беларусі стала вядома 9 верасьня. Як казаў міністар унутраных справаў і адміністрацыі Польшчы Марцін Кервіньскі, Варшава закрывае мяжу зь Беларусьсю не на пэрыяд вучэньняў «Захад-2025», а «ў сувязі зь іх правядзеньнем».

Пасьля заканчэньня вучэньняў «Захад-2025» Польшча заявіла пра ўзмацненьне актыўнасьці дронаў каля мяжы зь Беларусьсю. Міністар Кервіньскі тады сказаў, што Польшча зноў адкрые мяжу, калі гэта будзе бясьпечна.

Занепакоенасьць Польшчы вучэньнямі «Захад» узмацнілася, калі ў ноч з 9 на 10 верасьня прыблізна 21 расейскі бесьпілётнік увайшоў у яе паветраную прастору.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пра што Менск дамовіўся з Варшавай і пры чым тут Пэкін? Тлумачым на лічбах нелегальнай міграцыі

17 верасьня МЗС Беларусі заявіла, што праз 10 дзён пачне «прымяняць прадугледжаныя законам меры» да амаль 1500 польскіх фураў, якія не пасьпелі пакінуць Беларусь да закрыцьця мяжы. Выехаць празь мяжу зь Літвой ці Латвіяй Беларусь ім не дазваляе.

У ноч на 25 верасьня мяжу адкрылі. Варшава пайшла на адкрыцьцё мяжы пасьля таго як на перамовы прылятаў міністар замежных спраў Кітаю Ван І. Ён сустракаўся з сваім калегам Радаславам Сікорскім. Таксама польская дэлегацыя наведала Менск.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што паказала блякада польска-беларускай мяжы: сем тэзісаў Валера Карбалевіча