МЗС Расеі ў адказ на новыя санкцыі США забараніла ўезд у Расею Бараку Абаму і яшчэ 499 амэрыканцам

Барак Абама, 2016 год

Міністэрства замежных спраў Расеі дадало ў «стоп-ліст» для ўезду ў краіну імёны 500 амэрыканскіх грамадзян. Сярод іх былы прэзыдэнт ЗША Барак Абама, былыя чыноўнікі Белага дому, сэнатары, кангрэсмэны і кіраўнікі вайскова-прамысловых кампаній.

Іншага амэрыканскага экс-прэзыдэнта Дональда Трампа ў сьпісе няма.

У заяве, апублікаванай на сайце МЗС, указана, што гэта крок у адказ на новыя санкцыі, уведзеныя ЗША ў пятніцу супраць шэрагу расейскіх асоб і арганізацый.

МЗС зазначае, што ў стоп-ліст трапілі «і тыя ва ўладных і праваахоўных структурах, хто непасрэдна мае дачыненьне да перасьледу іншадумцаў па сьлядах так званага «штурму Капітолію».

Акрамя таго, у тым жа дакумэнце МЗС паведамляецца, што ведамства чарговым разам адмаўляе прадстаўнікам амбасады ЗША ў консульскім наведваньні ў СІЗА журналіста выданьня The Wall Street Journal, арыштаванага паводле абвінавачаньня ў шпіянажы. Адмова названа мерай у адказ на нявыдачу ў красавіку расейскім журналістам візаў ЗША, з-за чаго яны не змаглі прысутнічаць пры візыце міністра замежных спраў Сяргея Лаўрова ў рамках старшынства Расеі ў Радзе Бясьпекі ААН.

  • «Штурмам Капітолію» СМІ называюць масавыя беспарадкі 6 студзеня 2021 году ў гарадах ЗША. У Вашынгтоне прыхільнікі экс-прэзыдэнта Дональда Трампа, які адмовіўся прызнаць сваю паразу на выбарах, прарваліся ў будынак Капітолію і ўчынілі там пагром. У выніку загінулі пяць чалавек, у тым ліку адзін афіцэр паліцыі. Пасьля штурму Капітолію супраць сотняў грамадзян узбудзілі крымінальныя справы, некалькі чалавек асуджаныя.
  • Журналіст амэрыканскай газэты The Wall Street Journal Эван Гершкавіч быў затрыманы ФСБ 29 сакавіка па абвінавачаньні ў шпіянажы. Цяпер ён пад арыштам у СІЗА. Вашынгтон прызнаў Гершкавіча неправамерна затрыманым. Віну Гершкавіч не прызнае.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пад новыя пэрсанальныя санкцыі ЗША трапілі 50 грамадзянаў Расеі, сярод іх некалькі ўраджэнцаў Беларусі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністэрства гандлю ЗША абмежавала экспарт у Расею і Беларусь тэлефонаў, пабытовай тэхнікі і мэдычнага абсталяваньня
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лідэры краін G7 назвалі «небясьпечным і непрымальным» намер Расеі разьмясьціць ядзерную зброю ў Беларусі