Падзеі 26 сакавіка ў беларускай і сусьветнай гісторыі.
Дата дня
26 сакавіка 1940 году нарадзіўся Міхаіл Касьцюк, беларускі гісторык, акадэмік НАНБ. Касьцюк быў адзіным дырэктарам Інстытуту гісторыі Акадэміі навук, якога выбіралі, а не прызначалі.
Таксама пры яго кіраўніцтве інстытутам выйшаў двухтомнік «Нарысы гісторыі Беларусі», якія разглядаў гісторыю і гістарыяграфію Беларусі з нацыянальнага пункту гледжаньня. Па гэтых падручніках вучыліся не адзін год студэнты гістарычных факультэтаў.
Міхаіл Касьцюк — аўтар звыш 250 навуковых прац, 10 манаграфій. У 2010 годзе ён быў узнагароджаны ордэнам імя Францішка Скарыны.
19 верасьня 1991 году на сэсіі Вярхоўнага Савету разглядалася ініцыяванае апазыцыяй БНФ пытаньне пра дзяржаўныя сымбалі. (…)
Заключэньне акадэмічных вучоных было ў кожнага дэпутата ў руках. Некаторым чытаць яго было ня проста дзіўна, але, відаць, і вусьцішна. Выяўлялася, што герб Пагоня быў на харугвах Берасьцейскага, Віцебскага, Полацкага, Мсьціслаўскага, Менскага, Віленскага і Наваградзкага ваяводзтваў. Што на Пагоні адлюстраваныя нацыянальныя колеры Беларусі — белы і чырвоны. Што Пагоня і геральдычна зьвязаны зь ёю бел-чырвона-белы сьцяг былі ў 1918 г. зацьверджаныя дзяржаўнымі сымбалямі Беларусі, а вось прынятыя ў 1951 г. герб і сьцяг БССР «не адлюстроўваюць шматвяковую гераічную гісторыю і нацыянальныя колеры, стаўшы сымбалем адміністрацыйнага рэжыму…» Зыходзячы з усяго гэтага, аўтары Заключэньня, пад якім стаяў подпіс дырэктара і старшыні Вучонай рады Інстытуту гісторыі Міхаіла Касьцюка, рабілі адназначную прапанову: зацьвердзіць дзяржаўнымі сымбалямі Пагоню і бел-чырвона-белы сьцяг. Увечары таго ж дня адпаведная пастанова была — няхай сабе і з трэцяга разу — прынятая.
Што здарылася праз чатыры гады, добра вядома. Але ў вузкім коле акадэмік Касьцюк ня раз намякаў: падпісанае ім Заключэньне яшчэ прыдасца.
Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне.
Дзень у гісторыі
1944 — У Менску ў гарадзкім тэатры адбылася прэм’ера опэры «Ўсяслаў Чарадзей» М. Шчаглова-Куліковіча на вершы Н. Арсеньневай.
1944 — У часе Другой сусьветнай вайны савецкія войскі ля гораду Бельцы выйшлі да дзяржаўнай мяжы СССР.
1948 — Увядзеньне ЗША эмбарга на гандаль так званымі стратэгічнымі таварамі з сацыялістычнымі краінамі.
1953 — Джонас Солк абвяшчае пра стварэньне вакцыны ад поліяміэліту.
1971 — Банглядэш (Усходні Пакістан) абвяшчае сваю незалежнасьць ад Пакістану.
1979 — Ізраільскі прэм’ер-міністар Мэнахем Бэгін і прэзыдэнт Эгіпту Анвар Садат падпісалі эгіпецка-ізраільскую мірную дамову пасьля двух гадоў перамоваў.
1988 — Утварэньне заснавальніцкага камітэту Беларускага Аб’яднаньня Студэнтаў (БАС) у Польшчы.
1995 — Пачынае дзейнічаць Шэнгенскае пагадненьне.
2000 — Уладзімір Пуцін абраны прэзыдэнтам Расеі.
У гэты дзень нарадзіліся
1874 — Робэрт Фрост, амэрыканскі пісьменьнік.
1911 — Тэнэсі Ўільямс, амэрыканскі пісьменьнік.
1942 — Іван Арабейка, беларускі паэт.
1949 — Патрык Зюскінд, нямецкі пісьменьнік.
У памяці
1827 — Людвіг ван Бэтховэн, нямецкі кампазытар.
1923 — Сара Бэрнар, француская акторка.
1932 — Зыгмунт Лазінскі, беларускі каталіцкі рэлігійны дзяяч, біскуп.
2007 — Алесь Юршэвіч, удзельнік Саюзу беларускіх патрыётаў.
«Прысягаю перад Бацькаўшчынай і беларускім народам, што заўсёды буду верны ідэалам свабоды і незалежнасьці Беларусі. Калі ж па слабасьці сваёй або па злым намеры я парушу гэтую прысягу і выдам тайну сяброў, хай пакарае мяне Бог ганебнай сьмерцю здрадніка Радзімы…»
Гэта словы прысягі, якую давалі ўдзельнiкi Саюзу беларускіх патрыётаў — нелегальнай паваеннай арганізацыі пастаўскай і глыбоцкай моладзі, якая марыла пра вольную Беларусь. Тэкст прысягі склаў адзін з найактыўнейшых сяброў СБП Алесь Юршэвіч. (…)
Разам з Васілём Мядзельцам і Антосем Фурсам, зь якімі вучыўся за немцамі ў Язьненскай школе, Алесь Юршэвіч напісаў праграму і статут Саюзу беларускіх патрыётаў, арганізаваў 25 сакавіка 1946-га ўрачыстую цырымонію прысягі сяброў СБП. Іхняя дзейнасьць, скіраваная на супраціў русыфікацыі ды прапаганду незалежніцкіх ідэяў, трывала паўтара года…
Паводле пастановы ваеннага трыбуналу, які судзіў патрыётаў, тагачаснага студэнта БДУ Юршэвіча чакаў расстрэл. Прысуд зьмянілі на 25-гадовае зьняволеньне і пяць гадоў паразы ў правах.
Спадар Алесь зноў удыхнуў п’янкога вольнага паветра ў 1956-м, у часе хрушчоўскай адлігі.
Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне.