У рэанімацыі 2-й клінічнай лякарні Барысава памёр фэльчар хуткай дапамогі Васіль Ліпілін, паведамляе Tut.by. Яму было 50 гадоў.
Паводле калегі мэдыка, у мужчыны была двухбаковая пнэўманія і станоўчы вынік тэсту на каранавірус.
Ліпілін з жонкай жыў у аграгарадку Неманіца, за 10 кілямэтраў ад Барысава. Разам яны трымалі фэрмэрскую гаспадарку. Па словах калегі, Васіль адчуў сябе кепска 28 сакавіка. У яго паднялася высокая тэмпэратура, ён папрасіў памяняцца зьменамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Згарэў» за 5 гадзін. Сям’я 36-гадовага менчука сьцьвярджае, што ён памёр з каранавірусамДа панядзелка 30 сакавіка паляпшэньня ня здарылася, ён зьвярнуўся ў паліклініку са скаргамі на тэмпэратуру і моцныя болі ў цягліцах.
4 красавіка Ліпіліна ў цяжкім стане даставілі ў рэанімацыю 2-й клінічнай лякарні Барысава, увечары таго ж дня падключылі да апарата штучнай вэнтыляцыі лёгкіх. Першы тэст на каранавірус даў адмоўны вынік, другі — станоўчы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дырэктар вясковай школы кажа, што прывезла каранавірус з санаторыя «Пралеска». Адзін чалавек ужо памёр пасьля адпачынку тамУ калегаў з хуткай дапамогі як кантактаў першага ўзроўню таксама ўзялі мазкі, аднак яны працягваюць працаваць. Трое зь іх цяпер знаходзяцца на бальнічным зь невялікай тэмпэратурай і сымптомамі вострай рэсьпіраторнай віруснай інфэкцыі.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ