У Беларусі пачынаюць актывізавацца афэрысты, якія выкарыстоўваюць у сваіх схемах інфармацыю пра каранавірус, паведаміла прэс-сакратарка МУС Вольга Чамаданава ў Тэлеграме.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Пра першы выпадак падману апэратыўнікі даведаліся ад жыхара Меншчыны: невядомыя прасілі яго перавесьці грошы ў фонд дапамогі беларусам, якія з прычыны каранавірусу нібыта ня могуць вярнуцца на радзіму. Мужчына не паверыў і зьвярнуўся ў міліцыю.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ужо 13 памерлых. У Беларусі пацьвердзілі 700 выпадкаў каранавірусуУ МУС адзначаюць, што ў суседніх краінах махляры ўжо ня першы дзень выкарыстоўваюць эпідэміялягічную абстаноўку для кібэрзлачынстваў. Называюць некалькі тыповых «злачынных схемаў»:
- Махляры звоняць праз тэлефон, прадстаўляюцца супрацоўнікамі дзяржорганаў, спасылаюцца на выдуманы дакумэнт, які прадугледжвае разавыя выплаты насельніцтву для процідзеяньня каранавірусу (набыцьцё масак, тэстаў і г.д.) і просяць паведаміць нумар банкаўскай карты, нібыта каб налічыць на яе грошы.
- Ілжэсайты па продажы тэстаў на каранавірус. Спасылку на такі сайт прысылаюць на электронную пошту, прапануюць аплаціць паслугу банкаўскай карткай і абяцаюць, што пасьля гэтага кур’ер даставіць тавар. З карткі проста сьпісваюць грошы, а пасьля могуць і яшчэ скрасьці грошы зь яе, маючы ўжо асабістыя дадзеныя ўладальніка.
- Электронныя лісты нібыта ад Сусьветнай арганізацыі здароўя са статыстыкай і рэкамэндацыямі, як не заразіцца каранавірусам. Калі націснуць на спасылку, актывізуецца шкодная праграма, якая блякуе функцыянал кампутара і патрабуе перавесьці грошы на рахунак махляра.
Парады МУС:
- нікому і ніколі не паведамляйце пэрсанальныя дадзеныя банкаўскай карткі,
- пазьбягайце староньніх сайтаў і тым больш нічога на іх не аплачвайце,
- не давярайце электронным лістам ад невядомых адрасатаў.
Таксама МУС раіць ня верыць «псэўданавінам і ілюстрацыям», якія тычацца тэмы каранавірусу, бо яны маюць на мэце распаўсюд панікі сярод насельніцтва.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ