Washington Post: Беларусь судзіцца з журналістам за рэпартаж пра чарнобыльскае малако

Юры Карманаў

Суд прыняў позву супраць карэспандэнта Associated Press Юрася Карманава ад малочнай кампаніі за шкоду дзелавой рэпутацыі. Пра гэта паведамляе газэта the Washington Post.

Гаворка ідзе пра матэрыял, прысьвечаны вырабу сельскагаспадарчай прадукцыі на забруджанай тэрыторыі. У публікацыі аўтар робіць экспэрымэнт: ён заносіць у лябараторыю малако, і дасьледаваньне паказвае завышаны ў 10 разоў ад нормы ўзровень радыеактыўнага ізатопу.

Малочная кампанія «Мілкавіта»​ падала ў суд на аўтара рэпартажу і абвінаваціла яго ў нанясеньні шкоды дзелавай рэпутацыі. Гэтая фірма робіць сыр пераважна для экспарту ў Расею. Судзьдзя Тацяна Сапега падтрымала позву і абавязала Карманава аплаціць судовыя выдаткі. Акрамя гэтага, судзьдзя заслухала сьведчаньні прадстаўніка лябараторыі, які сьцьвярджаў, што вынікі лябараторнага тэсту не былі навукова інтэрпрэтаваныя.

Віцэ-прэзыдэнт AP па міжнародных навінах Ян Філіпс заступіўся за Карманава:

«АР абсалютна не пагаджаецца з рашэньнем суда і заступаецца за Карманава. Рэпартаж Карманава быў сумленным і дакладным падсумаваньнем наступстваў чарнобыльскай катастрофы 30 гадоў пасьля. Адмова суду прыняць ключавыя сьведчаньні ў падтрымку спадара Карманава выклікаюць сур’ёзную занепакоенасьць. AP разьлічвае на апраўданьне па апэляцыі».

Судзьдзя Сапега не прыняла да разгляду аргумэнты Карманава. Судзьдзя таксама не дазволіла прадаставіць суду вынікі лябараторных тэстаў і іншыя сьведчаньні. Карманаву таксама забаранілі выклікаць сьведкаў, у тым ліку інжынэра з малочнай кампаніі і спэцыяліста, працытаванага ў матэрыяле.

Адвакаты Карманава сьцьвярджаюць, што паводле артыкулу 52 Кодэксу аб СМІ журналіст не нясе адказнасьці за апублікаваныя дадзеныя ці інфармацыю, прадастаўленую дзяржаўнай установай, якой зьяўляецца лябараторыя.

***

Перадгісторыя

Юрась Карманаў апавёў Радыё Свабода, што ён як фізычная асоба прыйшоў 23 красавіка ў радыелягічную лябараторыю Менскага гарадзкога цэнтру, прынёс паўтара літра малака. Супрацоўніца лябараторыі Аксана Драбышэўская ўзялася рабіць тэст. Пераліла малако ў адмысловы посуд, які называецца «сасуд Марынэлі», зьмясьціла яго ў спэцыяльны апарат. Аналіз рабіўся «мэтадам выпарваньня». Уся працэдура доўжылася хвілін 20.

«Калі лябарантка ўбачыла, што пачало „зашкальваць“, яна кажа: „Усё, спыняем“. Так што, магчыма, паказьнікі насамрэч яшчэ больш высокія», — распавёў Карманаў.

Лябарантка пагадзілася раздрукаваць вынікі гэтых дасьледаваньняў. У адказ на даведку, якую журналісты апублікавалі 26 красавіка, 27 красавіка Менскі гарадзкі цэнтар гігіены і эпідэміялёгіі выставіў «узор сапраўднага пратакола дасьледаваньня малака на ўтрыманьне стронцыю-90» — на афіцыйным блянку з двума подпісамі «адказных за правядзеньне выпрабаваньняў».