Сёньня на сустрэчы са спэцыяльным прадстаўніком Эўразьвязу па правах чалавека Стаўрасам Ламбрынідзісам Лукашэнка адзначыў, што ён «рады таму, што ўсё ж такі мы прайшлі свой шлях, Эўрапейскі Зьвяз прайшоў свой шлях, і мы адышлі ад гэтага лабавога супрацьстаяньня».
Ён канстатаваў, што ў свой час ЭЗ і Беларусь «выбудавалі незразумелую сьцяну паміж сабой і спрабавалі праз гэты плот нават не размаўляць, а абменьвацца фразамі». Лукашэнка спадзяецца, што гэты пэрыяд адышоў у нябыт, перадае БелТА.
Лукашэнка адзначыў, што не крытыкуе Эўропу за тое, як яна разумее правы чалавека. «Эўрапейскі Зьвяз — гэта „дарослая“ арганізацыя, там разумныя людзі, яны ўмеюць фармуляваць тое, чаго яны хочуць», — сказаў ён.
«Але ў нас ёсьць сваё разуменьне гуманітарных праблем, у тым ліку і праблем правоў чалавека», — зьвярнуў увагу Лукашэнка і падкрэсьліў, што пазыцыя Беларусі залежыць ня толькі ад яго асабістага разуменьня ці разуменьня з боку беларускіх уладаў.