Новае фота кожны дзень, увесь год. Прысылайце сюды свае здымкі гарадзкіх і прыродных краявідаў, падзеяў і зьяваў жыцьця ў 2015. Пажадана дасылаць фота ў прапорцыі 9 на 16. Усе аўтары фота, апублікаваных на сайце Свабоды, атрымаюць прызы. Тры найбольш папулярныя здымкі месяца будуць адзначаныя асобна.
Афіша
Менск. У Музеі гісторыі беларускага кіно заканчваецца паказ фільмаў маладых польскіх аўтараў, выпускнікоў кінашколы ў Лодзі і Школы Вайды ў Варшаве. Пачатак а 17.00
Грушаўка (Наваградзкі раён). Арт-суполка імя Тадэвуша Рэйтана (спэц-структура міжнароднага фэстывалю экспэрымэнтальнага мастацтва "ДАХ") праводзіць мастацкі пленэр.
Вялікі Бор (Хойніцкі раён). Гомельскі філіял Беларускай Асацыяцыі журналістаў робіць прэс-тур на народны абрад «Русальле».
У гісторыі:
1099 — першы крыжовы паход: пачатак аблогі Ерусаліму.
1492 — у Гародні памёр Казімір Ягелончык, вялікі князь літоўскі (1440–1492).
1563 — Жыгімонт ІІ Аўгуст выдаў Віленскі прывілей, які зраўнаў у правах праваслаўных і каталікоў у Вялікім княстве Літоўскім.
1927 – у Варшаве супрацоўнікам «Беларускага слова» Барысам Кавердам забіты савецкі амбасадар Пётр Войкаў.
1958 – пачалося будаўніцтва гораду Наваполацку.
У памяці:
1880 – нарадзіўся Вацлаў Іваноўскі, беларускі палітычны і грамадзкі дзяяч, прафэсар. У 1906 узначаліў створанае ім у Пецярбургу першае беларускае выдавецтва – суполку «Загляне сонца і ў наша аконца». У 1942 быў прызначаны нямецкімі акупацыйнымі ўладамі на пасаду бургамістра Менску. Загінуў 7 сьнежна 1943 у выніку тэрарыстычнага замаху савецкімі дывэрсантамі.
1976 – памёр Міхась Машара, заходнебеларускі паэт, савецкі празаік і перакладчык.
Янка Брыль, Янка Шарахоўскі і Міхась Машара ў 1952 годзе.
Цытата:
О Вільня! Тваім камяніцам,
Асфальту і бруку твайму
Прыйшоў я ўзноў пакланіцца,
Ізноў табе песьню пяю.
Прыйшоў я з далёкіх ваколіц
Асьнежаных вёсак і ніў,
Дзе вецер-прыблуда сваволіць,
Сьпяваючы сумны матыў.
Тваім хадніком і вітрынам,
Людзям і палацам тваім
Прынёс я Прывет ад Краіны,
Замоўкшай ў чаканьні нямым.
З трывогай глядзяць яе вочы
Туды — у туманную муць,
Дзе казкай сьвятлянай уночы
Агні твае ў неба плывуць...
Міхась Машара. З цыклю “Месту”. 1933 год.