У ПОЛЬШЧЫ АСУДЗІЛІ БЫЛОГА МІНІСТРА ЎНУТРАНЫХ СПРАВАЎ

Аляксей Дзікавіцкі, Варшава

У сьнежні 1981 году, на наступны дзень пасьля абвяшчэньня ў Польшчы ваеннага становішча, гарнякі капальні “Вуек”, што каля гораду Катовіцэ, распачалі страйк. Тагачасныя ўлады Польскай Народнай Рэспублікі вырашылі спыніць пратэст пры дапамозе міліцыі, жаўнераў і танкаў.

Як высьветліў суд, напярэдадні ўварваньня на тэрыторыю капальні, міліцэйскія афіцэры атрымалі сакрэтную шыфрагараму, у якой міністар унутраных справаў і адзін з ініцыятараў ваеннага становішча, генэрал Чэслаў Кішчак даваў ім дазвол ужываць супраць удзельнікаў страйку зброю.

У выніку міліцэйскай атакі загінулі 9 гарнякоў, а дзясяткі былі параненыя.

Суд над генэралам Кішчакам цягнуўся ажно 10 гадоў. У выніку, былы міністар унутраных справаў, якому цяпер 79 гадоў, атрымаў 2 гады турмы ўмоўна. Чэслаў Кішчак вінаватым сябе ня лічыць.

(Кішчак: ) “Я не чакаў такога выраку, бо лічу сябе не вінаватым”.

Гэта сказаў Чэслаў Кішчак па сканчэньні судовага працэсу.

Былыя ўдзельнікі антыкамуністычнага супраціву задаволеныя выракам. Паводле іхных словаў, нягледзячы на тое, што генэрал Кішчак атрымаў невялікі тэрмін ды яшчэ і ўмоўна, галоўнае ў гэтай справе сам факт пакараньня.

Гаворыць былы прэзыдэнт Польшчы Лех Валэнса.

(Валэнса: ) “Галоўны сэнс гэтага выраку ў тым, каб заўтра ніхто не адважыўся ў такі спосаб, як Кішчак і ягоныя хаўрусьнікі, ставіцца да народу ці народаў”.

Зь легендарным лідэрам “Салідарнасьці” згодны і Вітальд Кулеша – гісторык з Інстытуту нацыянальнай памяці.

(Кулеша: ) “Асуджэньне злачынстваў мінулага ў прававой дзяржаве патрабуе роўнасьці спраўцаў, падазраваных і абвінавачаных. Гэта значыць, што адказваць перад законам павінны ня толькі выканаўцы – тыя, хто страляў у людзей, але і тыя, хто нёс палітычную адказнасьць за гэтыя дзеяньні і даваў загады. Вырак суду ў справе генэрала Кішчака гэты прынцып роўнасьці перад законам цалкам пацьвердзіў”.

Цяпер Інстытут нацыянальнай памяці вядзе сьледзтва ў справе асобаў, якія ў камуністычныя часы спрабавалі схаваць праўду пра забойства гарнякоў ды зьнішчалі доказы гэтага злачынства.

У найбліжэйшы час распачнецца таксама паўторны судовы працэс у справе міліцыянтаў, якія 23 гады таму стралялі ў страйкуючых гарнякоў.