Польшча атрымлівае з Расеі прыкладна 55% неабходнага ёй газу, прычым гэты газ амаль цалкам ідзе праз тэрыторыю Беларусі. Таму ад самога ранку ў чацьвер беларуска-расейскі газавы канфлікт – у цэнтры ўвагі польскіх сродкаў масавай інфармацыі.
Прадстаўнікі ўраду запэўнілі, што газ, у любым выпадку, будзе ў кватэрах, школах і мэдычных установах.
Кіраўніцтва нацыянальнай нафтагазавай кампаніі аб’явіла пра намер павялічыць узровень дабычы газу ўнутры краіны. На сёньняшні дзень у Польшчы дабываецца прыкладна 30% ад усяго неабходнага краіне аб’ёму блакітнага паліва.
Акрамя гэтага, польскі ўрад тэрмінова распачаў перамовы з нарвэскай фірмай Statoil, каб павялічыць пастаўкі газу з Нарвэгіі. Але, нягледзячы на ўсе гэтыя захады, без расейскага газу Польшчы цяжка будзе абысьціся.
Гаворыць віцэ-міністар гаспадаркі Яцэк Пяхота.
(Пяхота: ) “Калі б такая сытуацыя ўтрымалася цягам 20-30 дзён, то краіна, напэўна, адчула б недахоп газу”.
Аднак, як адзначыў Яцэк Пехота яшчэ раніцай, Беларусь будзе вымушаная пайсьці на саступкі “Газпрому”, што ў выніку прывядзе да аднаўленьня транзыту газу ў Польшчу.
(Пяхота: ) “Беларусь цяпер знаходзіцца ў значна горшай сытуацыі, чым Польшча. Бо гэтая краіна залежная ад расейскага газу практычна цалкам. Мы можам забясьпечыць газ у кватэрах, грамадзкіх установах і мусім ашчаджаць толькі ў выпадку вялікіх прадпрыемстваў хімічнай прамысловасьці. Пры такой залежнасьці Беларусь будзе вымушаная пайсьці на кампраміс з “Газпромам”. Польшча, прынамсі, мае магчымасьці атрымліваць газ зь іншых крыніцаў”.
Польская апазыцыя, аднак, вінаваціць цяперашні посткамуністычны ўрад Лешка Мілера ў тым, што ён, у адрозьненьні ад папярэдняга, правага кабінэту міністраў, не займаецца ўзмацненьнем энэргетычнай бясьпекі краіны. Гаворыць лідэр найвялікшай апазыцыйнай партыі “Грамадзянская плятформа” Ян Ракіта:
(Ракіта: ) “У тым, што Польшча ў любы момант можа застацца бяз газу, вінаваты не “Газпром” і не беларускія ўлады, а, на жаль, прэм’ер Лешэк Мілер. Ён не схацеў працягваць распачатыя папярэднім прэм’ерам перамовы з Нарвэгіяй і паставіў энэргетычную бясьпеку краіны ў залежнасьць ад расейскага газу. Гэта робіцца на карысьць алігархаў, якія працуюць у сфэры энэргетыкі”.
Паводле словаў Яна Ракіты, наступны польскі ўрад, які, хутчэй за ўсё, створаць правыя, зробіць усё, каб пазбавіцца ад небясьпечнай залежнасьці толькі ад аднаго дастаўца газу.