У БРУСЭЛІ ПАЧАЎСЯ САМІТ КІРАЎНІКОЎ 25 КРАІНАЎ – ЦЯПЕРАШНІХ І БУДУЧЫХ СЯБРАЎ ЭЎРАЗЬВЯЗУ

Аляксей Дзікавіцкі, Варшава

Тры гады таму ў Ніцы 15 краінаў Эўрапейскага Зьвязу згодна ўхвалілі трактат, які будзе вызначаць узаемаадносіны сябраў Эўразьвязу да канца 2008 году. Паводле гэтага дакумэнту, сыстэма галасаваньня ў Радзе Міністраў пашыранага Зьвязу выглядае так, што, прыкладам, Польшча будзе мець там 27 галасоў, а Нямеччына – 29.

Аднак цяпер Бэрлін і Парыж хочуць, каб у новай Канстытуцыі Эўразьвязу, якая будзе разгледжаная сёньня ў Брусэлі і пачне дзейнічаць ад 2009 году, сыстэма галасаваньня зьмянілася. Паводле нямецкіх палітыкаў, тое, што Польшча і Гішпанія, у якіх агулам жывуць каля 80 мільёнаў чалавек, атрымаюць у Радзе міністраў разам 54 галасы, а 82-х мільённая Нямеччына – ўсяго 29, несправядліва.

Бэрлін і Парыж хочуць, каб рашэньні ў Эўразьвязе прымаліся, калі за іх прагаласуюць краіны, у якіх жыве больш за 60% эўрапейцаў. Гэта карысна перадусім Нямеччыне і Францыі, якія пры падтрымцы Італіі і Вялікай Брытаніі змаглі б праводзіць любыя рашэньні.

У сваю чаргу Польшча і Гішпанія лічаць, што няма сэнсу адразу адкідаць ніцэйскую сыстэму галасаваньня ў Радзе Эўразьвязу, нават ня спраўдзіўшы яе на на практыцы. Гэтыя дзьве краіны дамагаюцца большага раўнапраўя для слабейшых сябраў Эўразьвязу.

Прэм’ер-міністар Польшчы Лешэк Мілер, які, нягледзячы на пераломы, атрыманыя ў часе катастрофы ўрадавага гелікоптэру, усё ж паедзе ў Брусэль у інвалідным крэсле разам з групай лекараў, напярэдадні заявіў:

(Мілер: ) “Польская дэлегацыя едзе ў Брусэль з жаданьнем дасягнуць кампрамісу. Мы адкрытыя для дыялёгу, калі ён скіраваны на ўзмацненьне эўрапейскага адзінства, а таскама шанаваньне голасу сярэдніх і малых краінаў-сябраў Эўразьвязу”.

Пра кампраміс, аднак, гаварыць пакуль не выпадае. У чацьвер у Бэрліне адбыліся гэтак званыя “перамовы апошняга шансу” паміж канцлерам Нямеччыны Шрэдэрам і прэзыдэнтам Польшчы Квасьнеўскім, якія, аднак, не прынесьлі ніякага выніку. Гаворыць Аляксандар Квасьнеўскі:

(Квасьнеўскі: ) “Мы прапаноўваем спачатку выпрабаваць сыстэму галасаваньня, якая была ўхваленая ў Ніцы, а ўжо потым вырашаць, ці трэба яе зьмяняць. Бо насамрэч, ніхто цяпер ня ведае, як гэтая сыстэма будзе працаваць у практыцы. Але калі Нямеччына ўсё ж ня схоча пайсьці на саступкі, дык заяўляю пра гэта тут, у Бэрліне, мы таксама не саступім. Мы маем рацыю. Мы мелі рацыю, калі змагаліся за незалежнасьць, змагаліся з камунізмам, маем яе і цяпер”.

Раней польскі прэзыдэнт заявіў, што Варшава можа выкарыстаць права вэта і такім чынам заблякаваць ухвалу новай канстытуцыі Эўразьвязу.

На думку адмыслоўцаў, адзіны прымальны для ўсіх бакоў выхад з гэтай сытуацыі – ухваліць Канстытуцыю без артыкулаў, якія вызначаюць сыстэму галасаваньня, а да іх разгляду вярнуцца пазьней.

Учора з такой прапановай выступіў і цяперашні кіраўнік Эўрапейскага Зьвязу, прэм’ер-міністар Італіі Сільвіё Бэрлюсконі. На яе гатовая пайсьці і Польшча. Невядома, аднак, ці пагодзяцца на гэта Бэрлін і Парыж.

Калі не, то Эўразьвяз, хутчэй за ўсё, чакае гэтак званая двухузроўневая інтэграцыя. Заможныя краіны ў межах Аб’яднанай Эўропы пойдуць на больш цесныя эканамічныя і палітычныя дачыненьні, пакінуўшы слабейшых сябраў Эўразьвязу на другім пляне.

Варта адзначыць, што калі б Беларусь у будучым далучалася да Эўрапейскага Зьвязу, дык ніцэйскі варыянт галасаваньня ў Радзе міністраў Аб’яднанай Эўропы, за які змагаюцца Варшава і Мадрыд, быў бы больш карысны і для Менску.

Акрамя гэтага, больш слабая пазыцыя Польшчы ў Эўразьвязе абмежавала б магчымасьці гэтай краіны што да ўплыву на кшталтаваньне ўсходняй палітыкі Аб’яднанай Эўропы, а Польшча ёсьць адзінай краінай, якая ўжо афіцыйна запрапанавала Брусэлю пакінуць Менску шанец на далучэньне да Эўразьвязу, але паставіць гэты шанец у залежнасьць ад дэмакратызацыі Беларусі.