Рэжысэр-кінадакумэнталіст Леанід Міндлін згадвае пра інтэрвію з Вацлавам Гавэлам:
«Інтэрвію з Вацлавам Гавэлам адбылося ў траўні 2001 году. Мы з апэратарам Уладзімерам Андронавым здымалі матэрыял для дакумэнтальнага фільму «Вандроўка са Швейкам».
Інтэрвію было даволі доўгае. Што мяне ўразіла, дык гэта дакладнасьць Гаўла. Калі наша сустрэча была прызначаная на 12-ю гадзіну, то ён і быў на месцы роўна апоўдні. У маёй практыцы гэта быў другі чалавек, настолькі дакладны, першы — Джордж Сорас.
Your browser doesn’t support HTML5
Фрагмэнт інтэрвію Вацлава Гаўла беларускім журналістам
2001 год, у Беларусі — прэзыдэнцкія выбары. І нас, безумоўна, цікавіла, як гэта калісьці адбывалася ў Чэхаславаччыне. Сёньня, мабыць, усе ведаюць, што Гавэл быў адным зь лідэраў чэхаславацкай апазыцыі, быў арыштаваны, сам прайшоў праз турэмныя нары. Адным словам, біяграфія апазыцыянэра, біяграфія дысыдэнта. Натуральна, што вакол усяго гэтага і вялася размова.
Сярод іншага я ў яго запытаў: «А на што вы спадзяваліся ў 1977 годзе? Калі ў краіне савецкія войскі, жорсткі рэжым, палітычны перасьлед?» І ён адказаў: «Ніхто ня ведае, зь якой сьняжынкі нараджаецца лавіна». І калі мне на чэскай тэлевізіі дапамаглі паглядзець архівы, я ўбачыў, што такое сьняжынка і што такое лавіна. Калі сто студэнтаў выйшлі на Вацлаўскую плошчу, іх зьбілі, кінулі ў аўтазакі, а праз некалькі дзён уся Прага, уся Чэхаславаччына выйшла на вуліцу. Так адбылася аксамітная рэвалюцыя.
Мяне зацікавіла нават ня столькі колькасьць аховы, а тое, што ён і прэзыдэнтам хадзіў у тую самую сваю любімую піўную, у якую хадзіў, калі быў апазыцыянэрам
Леанід Міндлін
І яшчэ адзін адказ мне запомніўся. Я пацікавіўся: а якая ў вас ахова як у прэзыдэнта? Ён задумаўся і сказаў: «Ведаеце, калі я іду ў сваю любімую піўную, у якую хадзіў яшчэ да таго, як стаў прэзыдэнтам, са мной ідуць чатыры чалавекі. І я лічу, што гэта занадта многа». Мяне зацікавіла нават ня столькі колькасьць аховы, а тое, што ён і прэзыдэнтам хадзіў у тую самую сваю любімую піўную, у якую хадзіў, калі быў апазыцыянэрам».
Вацлаў Гавэл памёр 18 сьнежня на 76-м годзе жыцьця.
У 1989 годзе Гавэл быў адным зь ініцыятараў стварэньня «Грамадзянскага форуму», які стаў галоўнай апазыцыйнай сілай у Чэхіі.
На сумесным пасяджэньні абедзьвюх палат Фэдэральнага сходу Чэхаславацкай сацыялістычнай рэспублікі 29 сьнежня 1989 году Гавэл быў аднагалосна абраны прэзыдэнтам, а ў 1993 годзе стаў прэзыдэнтам незалежнай Чэхіі.