Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Другі кангрэс, прысьвечаны беларускім палітвязьням, пачаўся ў Варшаве


Другі кангрэс, прысьвечаны беларускім палітвязьням, пачаўся ў Варшаве 26 верасьня 2025
Другі кангрэс, прысьвечаны беларускім палітвязьням, пачаўся ў Варшаве 26 верасьня 2025

З пачатку кампаніі 2020 года палітвязьнямі ў Беларусі прызналі больш за 4 тысячы чалавек.

З пачатку прэзыдэнцкай кампаніі 2020 года палітычнымі зьняволенымі было прызнана сама меней 4.159 чалавек, заявіла 26 верасьня ў Варшаве кіраўніца Офіса дэмакратычных сіл Беларусі ў Чэхіі Крысьціна Шыянок.

Гэтая ўстанова разам з офісам Сьвятланы Ціханоўскай і Аб’яднаным пераходным кабінэтам, а таксама ў супрацоўніцтве з праваабарончым цэнтрам «Вясна», ініцыятывамі Dissidentby, «Хрысьціянскае бачаньне», «Вольныя», фондам «Краіна для жыцьця», Беларускай асацыяцыяй палітзьняволеных «Да Волі» выступіла арганізатарам ІІ Кангрэса па палітзьняволеным у Беларусі, які адкрыўся 26 верасьня ў Варшаве.

Шыянок нагадала, што на 26 верасьня, паводле зьвестак «Вясны», гэты статус мае 1.192 чалавекі, паводле dissidentby — 1.326.

«2020 год хоць і не прынёс зьмены палітычнага ладу, але дазволіў беларусам „дасьпець“ у пляне самаідэнтыфікацыі, — падкрэсьліла выступоўца. — Людзі, якія несправядліва знаходзяцца за кратамі ў Беларусі, яны не ў паралельнай рэальнасьці, гэта наша з вамі рэальнасьць, на якую нельга заплюшчваць вочы і проста працягваць жыць».

«Кангрэс не дапаможа адразу вызваліць з-за кратаў тых, якія знаходзяцца там па палітычных прычынах, і наўрад ці ён зробіць магчымым вяртаньне дадому тых, хто быў вывезены адтуль гвалтоўна, але я перакананая, што ён можа „перазагрузіць“ уцягнутасьць як беларускага грамадзтва, так і замежных партнэраў, у пытаньні, зьвязаныя з палітвязьнямі ў Беларусі».

II Кангрэс па палітвязьнях у Беларусі #WithoutJustCause праходзіць у Польшчы: у Варшаве — 26 верасьня, Познані — 28 верасьня. У польскай сталіцы заплянаваны панэльныя дыскусіі аб сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі ў 2025 годзе, уразьлівых групах сярод палітвязьняў, працы дэмакратычных сіл і НДА па вызваленьні і падтрымцы вязьняў, патрэбах няўрадавага сэктара і міжнародных інструмэнтах падтрымкі.

У Познані пройдзе кірмаш праектаў і ініцыятыў дапамогі дзейным і былым палітвязьням і іх семʼям, а таксама адпаведныя прэзэнтацыі і дыскусіі на гэтую і зьвязаныя з ёй тэмы.

Мінулы кангрэс прайшоў у траўні 2024 году ў Празе, ён засяроджваўся на магчымых захадах дзеля вызваленьня палітвязьняў, якіх у Беларусі на той час было (і цяпер застаецца) больш за тысячу чалавек.

6 новых асацыяцыяў экс-палітвязьняў стварылі былыя палітычныя зьняволеныя, якія мусілі зьехаць з Беларусі пасьля 2020 году, раней паведаміла Свабодзе кіраўніца Офісу дэмакратычных сілаў Беларусі ў Празе Крысьціна Шыянок.

«Мінулы кангрэс быў у Празе, і я хачу патлумачыць, чаму сёлета будзем зьбірацца менавіта ў Польшчы. Найперш таму, што за год зьявіліся шмат новых былых палітвязьняў, у большасьці яны пераяжджалі ў Польшчу, але многія ня маюць дакумэнтаў, каб падарожнічаць у іншую краіну. У першы дзень мы зьбяромся ў Варшаве, дзе шмат палітыкаў, дыпляматаў, супраца зь якімі на гэтую тэму бачыцца вельмі важнай.

Кіраўніца Офісу дэмакратычных сілаў у Празе Крысьціна Шыянок
Кіраўніца Офісу дэмакратычных сілаў у Празе Крысьціна Шыянок

Сёлета на волю выйшлі некалькі дзясяткаў палітычных зьняволеных, але праваабаронцы заяўляюць, што рэпрэсіі ў Беларусі не спыняюцца і месцы вызваленых запаўняюць новыя арыштаваныя, якія ў руках уладнага рэжыму становяцца наступнымі закладнікамі.

Летась быў утвораны Міжнародны гуманітарны фонд дапамогі палітвязьням, у які зрабілі складкі шэраг эўрапейскіх краінаў: Нарвэгія, Швэцыя, іншыя.

Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG