Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У чэргах на мяжы з Польшчай стаіць 2360 легкавікоў і 550 фур


Чарга на мяжы Беларусі і Польшчы, архіўнае фота
Чарга на мяжы Беларусі і Польшчы, архіўнае фота

На другі дзень пасьля адкрыцьця мяжы Польшчы і Беларусі там застаюцца вялікія чэргі.

Як паведамляе Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі, у чарзе на беларуска-польскай мяжы з раніцы знаходзіцца 2360 легкавых аўтамабіляў, 7 аўтобусаў і 1200 грузавікоў.

Легкавых аўтамабіляў перад пунктамі пропуска ў Літве і Латвіі адносна мала. Перад пунктам пропуска Каменны Лог — 30 аўтамабіляў, перад пунктам пропуска Беняконямі — 90 аўтамабіляў. Перад пунктам пропуска Грыгараўшчына легкавых аўтамабіля няма.

У чэргах на выезд зь Беларусі ў Эўразьвяз стаіць і 2380 грузавікоў. Найбольш загружаны тут — латвійскі напрамак. Перад пунктам пропуска Грыгараўшчына —650 грузавікоў, перад Каменным логам — 560, перад Беняконямі — 600, перад Казловічамі — 550.

Аб часовы закрыцьці пунктаў пропуску на мяжы Польшчы і Беларусі стала вядома 9 верасьня, Варшава закрывала мяжу зь Беларусьсю ня толькі на пэрыяд вучэньняў «Захад-2025», а «ў сувязі зь іх правядзеньнем».

Пасьля заканчэньня вучэньняў «Захад-2025» Польшча заявіла пра ўзмацненьне актыўнасьці дронаў каля мяжы зь Беларусьсю.

Занепакоенасьць Польшчы вучэньнямі «Захад» узмацнілася, калі ў ноч з 9 на 10 верасьня прыблізна 21 расейскі бесьпілётнік увайшоў у яе паветраную прастору.

17 верасьня МЗС Беларусі заявіла, што праз 10 дзён пачне «прымяняць прадугледжаныя законам меры» да амаль 1500 польскіх фураў, якія не пасьпелі пакінуць Беларусь да закрыцьця мяжы. Выехаць празь мяжу зь Літвой ці Латвіяй Беларусь ім не дазваляе.

У ноч на 25 верасьня мяжу адкрылі. Варшава пайшла на адкрыцьцё мяжы пасьля таго як на перамовы прылятаў міністар замежных спраў Кітаю Ван І. Ён сустракаўся з сваім калегам Радаславам Сікорскім. Таксама польская дэлегацыя наведала Менск.

Закрыцьцё пераходаў на мяжы Польшчы і Беларусі. Што варта ведаць

  • У ліпені 2021 году Аляксандар Лукашэнка заявіў, што з прычыны санкцыяў Беларусь больш ня будзе стрымліваць нелегальную міграцыю ў краіны Эўразьвязу. Польшча стала адной з краін, куды кінуліся патокі мігрантаў. Рэагуючы на крызіс, Польшча, як і Літва, пачала будаваць сьцяну на мяжы зь Беларусьсю, а 9 лістапада 2021 году закрыла пераход Кузьніца Беластоцкая — Брузгі.
  • У Варшаве абвінавацілі рэжым Лукашэнкі ў арганізацыі нелегальнай міграцыі ў краіны Эўразьвязу з тым, каб шантажаваць краіны ЭЗ і патрабаваць зьняцьця санкцый. Прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі выказаў упэўненасьць, што сцэнар «гібрыднай агрэсіі» супраць Эўразьвязу быў распрацаваны Менскам не самастойна, а ў шчыльнай супрацы з Масквой.
  • 9 лютага 2023 году міністар унутраных спраў Польшчы Марыюш Каміньскі заявіў аб рашэньні закрыць памежны пераход Баброўнікі — Бераставіца, пачынаючы з 10 лютага. Гэта стала адказам Польшчы на палітычны прысуд журналісту Анджэю Пачобуту, актывісту польскай нацыянальнай меншасьці ў Беларусі. Яму прысудзілі 8 гадоў калёніі.
  • Усяго на беларуска-польскай мяжы 6 пунктаў пропуску. З 10 лютага 2023 году зь іх толькі адзін адкрыты для легкавікоў і адзін для грузавікоў, у Берасьці.
Памежныя пераходы на мяжы Беларусі і Польшчы. Інфаграфіка
Памежныя пераходы на мяжы Беларусі і Польшчы. Інфаграфіка
  1. Берасьце (Тэрэспаль з польскага боку) — дзейнічае толькі для легкавікоў;
  2. Казловічы (Кукурыкі) — праезд дазволены толькі грузавым аўтамабілям;
  3. Брузгі (Кузьніца Беластоцкая)— закрыты ў 2021 годзе;
  4. Бераставіца (Баброўнікі), — закрыты з 10 лютага 2023;
  5. Пясчатка (Полаўцы) — не функцыянуе зь ініцыятывы польскага боку;
  6. Дамачава (Славатычы) — не функцыянуе зь ініцыятывы польскага боку.
  • Каля Горадні працягвае працу памежны пункт зь Літвой «Прывалка — Райгардас». Ён знаходзіцца блізка да мяжы з Польшчай.
  • На прэс-канфэрэнцыі ў Брусэлі 10 лютага прэм’ер-міністар Польшчы адзначыў, што ў Варшаве разглядаюць варыянт закрыцьця астатніх двух пераходаў на мяжы зь Беларусьсю. Ён заявіў, што да Беларусі «інструмэнтальна ставяцца» расейцы і Крэмль, і гэта складае вялікую пагрозу Польшчы і Ўкраіне.
  • Перад закрыцьцём памежнага пераходу ў Баброўніках там затрымалі сама меней 12 мытнікаў. Гаворка, магчыма, ідзе пра хабарніцтва. Пра гэта паведаміла Gazeta Wyborcza. Інфармацыю аб затрыманьні мытнікаў выданьне атрымала ў ноч на 11 лютага, ужо пасьля закрыцьця памежнага пераходу.
  • 13 лютага Памежны камітэт Беларусі паведаміў, што колькасьць аўтамабіляў за першыя выходныя пасьля закрыцьця Баброўнікаў на іншых пераходах павялічылася на 16%.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG