Белстат апублікаваў вынікі працы турыстычнай галіны Беларусі за 2024 год.
Паводле Белстата, 618 тысяч беларусаў у мінулым годзе арганізавана праз турфірмы выяжджалі за мяжу.
Турэччыну ў мінулым годзе наведалі 151 тысяча беларусаў, Расею — 142 тысячы, Эгіпет — 97 тысяч, ААЭ — 65,9 тысяч, Грузію — 40 тысяч. Куды накіраваліся яшчэ амаль 120 тысяч беларускіх падарожнікаў, Белстат маўчыць. Турызм на традыцыйных для беларусаў недарагіх напрамках абваліўся, на некаторых да нуля, у прыватнасьці ва Ўкраіну, дзе ідзе вайна.
Для параўнаньня, у 2019 годзе, паводле дадзеных Белстата, колькасьць турыстаў, якія арганізавана выяжджалі за межы Беларусі, была блізкай да мільёна — 982935 чалавек. Першае месца тады трымаў Эгіпет, куды выяжджала 258 тысяч чалавек, другое месца займала Турэччына з 156 тысячамі чалавек, а трэцяе — Украіна — з 147 тысяч чалавек. 231 тысяча чалавек наведалі розныя эўрапейскія краіны, пераважна тыя, якія прапануюць адпачынак на моры — Баўгарыю, Гішпанію, Грэцыю, Чарнагорыю.
Да таго ж у 2019 годзе неарганізаваны турызм быў значна больш даступным — у 2018 годзе беларусы атрымалі 676 тысяч шэнгенскіх віз, зь іх 83% — шмаразовыя.
У 2024 годзе папулярных раней маршрутаў проста няма ў статыстыцы. Цяпер беларусы часьцей адпачываюць дома, па дадзеных Белстата, у 2024 годзе 1,7 мільёна чалавек накіраваліся ў экскурсійныя паездкі па сваёй краіне, пераважна аднадзённыя, 412 тысяч наведалі беларускія аграсядзібы, дзе затрымаліся ў сярэднім на два дні.
Форум