Міністар замежных справаў Беларусі Максім Рыжанкоў ужо правёў сустрэчы з калегамі з шэрагу краін Азіі і Афрыкі. Сьвятлана Ціханоўская сустрэлася з прадстаўнікамі ЗША, Польшчы, іншых заходніх краін.
Як паведамляе прэс-служба МЗС Беларусі, Максім Рыжанкоў прыбыў у Нью-Ёрк для ўдзелу ў 80-й сэсіі Генэральнай асамблеі ААН. 23 верасьня ён выступіў на арганізаваным кітайскай дэлегацыяй мерапрыемстве высокага ўзроўню ў пытаньнях Ініцыятывы глябальнага разьвіцьця. Таксама ён сустрэўся з кіраўнікамі МЗС Аману, Мазамбіку, Этыёпіі, Анголы, Інданэзіі, Казахстану і Зымбабвэ.
80-я сэсія Генэральнай асамблеі ААН праходзіць 23–29 верасьня. Выступ Рыжанкова зь яе трыбуны чакаецца 27 верасьня.
22–25 верасьня ЗША наведвае і беларуская дэмакратычная лідэрка Сьвятлана Ціханоўская. Заплянаваны яе ўдзел у мерапрыемствах падчас Генэральнай асамблеі ААН.
Яна прысутнічала на пасяджэньні Генэральнай асамблеі 23 верасьня, выслухала выступы прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа і іншых лідэраў, правяла сустрэчу з пасланьнікам амэрыканскага прэзыдэнта генэралам Кітам Келагам, а таксама асабіста падзякавала Трампу за дапамогу ў вызваленьні беларускіх палітвязьняў, расказаў «Нашай ніве» дыпляматычны дарадца Ціханоўскай Дзяніс Кучынскі:
«Сьвятлана Ціханоўская правяла кароткую сустрэчу з генэралам Кітам Келагам, а таксама выпадкова перасеклася з прэзыдэнтам Дональдам Трампам у будынку ААН. Трамп ішоў з сустрэчы, а Ціханоўская на сустрэчу. Яна коратка падзякавала яму за вызваленьне беларускіх палітвязьняў. Ён адрэагаваў пазытыўна».
Пра што Ціханоўская размаўляла з Кітам Келагам, не паведамляюць. Ціханоўская правяла шэраг іншых сустрэчаў, у тым ліку зь міністрам замежных справаў Польшчы Радославам Сікорскім, зь якім абмяркоўвала адкрыцьцё польска-беларускай мяжы, лёс Анджэя Пачобута, ролю Кітаю, а таксама наступныя крокі для вызваленьня палітвязьняў.
Форум