Паводле праваабарончага цэнтру «Гомельская Вясна», палітычная зьняволеная Ірына Левіна, якая змагаецца з анкалягічнай хваробай, ня можа атрымаць дазвол сьледчага, каб легчы на тэрміновую апэрацыю ў Менску. Бяз гэтага ейнае жыцьцё пад пагрозай.
Ірыну Левіну затрымалі 25 чэрвеня на ганку анкалягічнага дыспансэра ў Мазыры. Яе зьняволілі ў гомельскім сьледчым ізалятары, дзе ёй стала горш.
Пазьней яе вызвалілі з-за кратаў, але забаранілі выяжджаць без дазволу сьледчага. Тым часам Гомельскі абласны анкадыспансэр накіраваў Ірыну ў Менскі навукова-практычны цэнтар хірургіі, трансплянталёгіі і гематалёгіі на тэрміновую апэрацыю па перасадцы касьцянога мозгу. Яна прызначана на 7 кастрычніка. Рэабілітацыя мусіць праходзіць там жа.
Аднак дазволу на выезд у сталіцу Ірыне пакуль не далі. Ехаць на апэрацыю без афіцыйнага дазволу яна ж баіцца, каб ня трапіць зноў у СІЗА.
Праваабаронцы прызналі палітвязьнямі яшчэ 20 чалавек
23 верасьня беларуская праваабарончая супольнасьць прызнала чарговых людзей новымі палітычнымі вязьнямі, паведаміла «Вясна».
Гэта Марыя Барысенка, Дзьмітры Басько, Аляксандар Біндзей, Гжэгаж Гавэл, Яўген Грук, Дзьмітры Грышкевіч, Яўген Дорахаў, Станіслаў Жарко, Антон Ільін, Павел Кізюк, Аляксандар Лыцін, Сьвятлана Мяцельская, Алег Слабуха, Міхаіл Сырыска, Сяргей Тулінаў, Сяргей Цімошчанка, Вольга Ціхановіч, Андрэй Хрышчановіч, Андрэй Ярашэвіч, Віктар Яскіч.
Гжэгаж Гавэл — каталіцкі манах з Кракава. Улады Беларусі заявілі, што ён нібыта меў пры сабе восем старонак дакумэнта, датычнага вайсковых расейска-беларускіх вучэньняў «Захад-2025».
Цяпер у Беларусі 1196 палітычных вязьняў, пра якіх ведаюць праваабаронцы «Вясны». Паводле праваабарончай ініцыятывы Dissidentby, палітвязьняў 1321. Розныя ініцыятывы выкарыстоўваюць розныя крытэры ўлучэньня ў сьпіс.
У Магілёве затрымалі брата палітвязьня
У Магілёве каля месяца таму затрымалі Дзьмітрыя Чавусава, брата палітвязьня Віталя Чавусава, паведаміў праваабарончы тэлеграм-канал @MAYDAYMog. Прычыны і акалічнасьці яго затрыманьня пакуль невядомыя.
Сам Віталь Чавусаў, дырэктар рэклямнай фірмы, у траўні быў асуджаны на 4 гады зьняволеньня па абвінавачаньні ў «садзейнічаньнi экстрэмісцкай дзейнасьці», якое зьвязваюць з «справай Гаюна». Падрабязнасьці яго справы і ўмовы адбываньня кары публічна не вядомыя.