Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польшча закрыла мяжу. «Нікуды яны не падзенуцца, мяжу адкрыюць», — камэнтуе кіраўнік МЗС Беларусі

абноўлена

Здымак на мяжы Беларусі з Польшчай, Варшаўскі мост
Здымак на мяжы Беларусі з Польшчай, Варшаўскі мост

Апоўначы 12 верасьня (а 1-й гадзіне ночы паводле менскага часу) Польшча закрыла мяжу зь Беларусьсю.

У той жа час пункты пропуску зь беларускага боку працягваюць працаваць, вынікае з заявы для СМІ прэс-сакратара Дзяржаўнага памежнага камітэту (ДПК) Антона Бычкоўскага на тэрыторыі прапускнога пункту Берасьце (з польскага боку Тэрэспаль).

Людзі, якія выехалі зь Беларусі, але не заехалі ў Польшчу, будуць вернутыя.

«На бягучы момант часу на мосьце паміж Рэспублікай Польшча і Рэспублікай Беларусь знаходзіцца некалькі аўтобусаў з замежнымі рэгістрацыйнымі нумарамі. Усе кіроўцы плянавалі вярнуцца на тэрыторыю Эўрапейскага зьвязу. Аўтобусы будуць вернутыя на ўязны канал памежнага пераходу і аформленыя на ўезд у Рэспубліку Беларусь», — сказаў Бычкоўскі, якога цытуе Позірк.

Паводле яго слоў, усім, хто знаходзіцца ў аўтобусах, у тым ліку кіроўцам, будзе неабходна шукаць іншыя маршруты вяртаньня ў краіны Эўразьвязу.

«Пункты пропуску з боку Рэспублікі Беларусь працягнуць сваю працу і змогуць аднавіць афармленьне асобаў і транспартных сродкаў, як толькі гэта стане магчымым», — заявіў прадстаўнік ДПК.

Паводле інфармацыі ведамства, да 2 гадзін ночы 12 верасьня ў пункце пропуску Берасьце чэргаў на выезд у Польшчу не засталося. А 23-й гадзіне паводле варшаўскага часу афармленьня чакалі 1280 легкавікоў і 13 аўтобусаў. Колькасьць аўтобусаў рэзка скарацілася паміж 18 і 20 гадзінамі (з 65 да 11).

У пункце пропуску грузавых аўтамабіляў Казловічы, а 2-й гадзіне ночы чаргі таксама не было, апоўначы стаялі 130 фураў, напярэдадні — да 500 (у 2 і 4 гадзіны раніцы).

На закрыцьцё апоўначы ў пункт пропуску ў Тэрэспалі (зь беларускага боку Берасьце) прыехаў міністар унутраных спраў Марцін Кервіньскі з намесьнікам Чэславам Мрочкам.


«Нікуды яны не падзенуцца, мяжу адкрыюць», — сказаў міністар замежных справаў Максім Рыжанкоў у эфіры тэлеканала «Беларусь 1», адказваючы на пытаньне, ці адкрые Польшча мяжу пасьля вучэньняў «Захад-2025».

«Як я зараз мяркую, сваё заданьне яны выканалі, паднялі вось гэтую сытуацыю на мяжы да неверагодных вышынь. Сёньня ўсім у Эўропе празь СМІ патлумачылі, чаму выдзяляецца Польшчы такая вялізная сума грошай. Гэта значыць усё гэта было зроблена для таго, каб ніхто не сказаў: "Слухайце, у нас сацыяльная праграма, інфраструктура, пэнсіі". І, вядома ж, разумныя галовы будуць задаваць пытаньні — 50 мільярдаў даляраў Польшчы з фондаў ЭЗ на абарону і на мяжу. Ну, гэта ж трызьненьне насамрэч. Ну, вось трэба было паказаць, што гэта ўсё абгрунтавана, і гэтыя грошы трэба ўсё ж сюды. Ну, а на што гэтыя грошы выдаткоўваюцца, мы ж разумеем», — сказаў Рыжанкоў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG