Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Яшчэ ўчора я быў у Наваполацку ў ШЫЗА». Журналіст Свабоды Ігар Лосік вызвалены пасьля больш як пяці год за кратамі

абноўлена

Ігар Лосік пасьля пяці гадоў турмы. Вільня, 11 верасня 2025
Ігар Лосік пасьля пяці гадоў турмы. Вільня, 11 верасня 2025

Цяпер Ігар Лосік знаходзіцца ў бясьпецы за межамі Беларусі. За кратамі ён правёў 1904 дні.

33-гадовы журналіст Свабоды — адзін з групы палітычных вязьняў рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, вызваленых 11 верасьня пасьля перамоваў прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа і яго адміністрацыі з афіцыйным Менскам.

«Мы надзвычай удзячныя прэзыдэнту Трампу за тое, што ён дабіўся вызваленьня яшчэ аднаго сьмелага журналіста РСЭ/РС, несправядліва зьняволенага беларускімі ўладамі, — сказаў прэзыдэнт Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода Стывэн Капус. — Мы таксама дзякуем дзяржсакратару Рубіё, намесьніку спэцыяльнага пасланьніка Джону Коўлу, літоўскаму ўраду і супольнасьці абаронцаў свабоды прэсы за іх няспынную падтрымку зьняволеных журналістаў РСЭ/РС. Ігар жахліва пакутаваў, таму што ён журналіст, які працаваў на РСЭ/РС. Гэты этап яго пакутлівага і абсалютна несправядлівага выпрабаваньня, які доўжыўся больш за пяць гадоў, нарэшце скончыўся».

Прэзыдэнт РСЭ/РС Стывэн Капус і журналіст Свабоды Ігар Лосік пасьля вызваленьня. Вільня, 11 верасьня 2025
Прэзыдэнт РСЭ/РС Стывэн Капус і журналіст Свабоды Ігар Лосік пасьля вызваленьня. Вільня, 11 верасьня 2025

Сёньняшняе вызваленьне адбылося пасьля таго, як адміністрацыя прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа дамаглася вызваленьня з турмаў у Беларусі журналіста РСЭ/РС Андрэя Кузьнечыка ў лютым і былога журналіста РСЭ/РС Ігара Карнея ў чэрвені. Журналісты РСЭ/РC Фарыд Мэхралізадэ і Ніка Новак застаюцца несправядліва зьняволенымі адпаведна ў Азэрбайджане і Расеі.

У першым камэнтары Свабодзе Ігар Лосік распавёў, што ў палітвязьняў перад вызваленьнем прадстаўнікі беларускіх уладаў забралі пашпарты:

«Яшчэ ўчора я быў у Наваполацку ў ШЫЗА. Яшчэ ўчора мне лілі хлёрку на падлогу. Там летам халодна вельмі. Спаў я на голай дошцы яшчэ ўчора. Не чакаў [вызваленьня].

Пасьля ранішняй праверкі прыйшлі, сказалі, зьбірай рэчы. Пасадзілі ў машыну, мех на галаву, наручнікі — і павезьлі ў «амэрыканку», у КДБ. І там нас было 13 чалавек — Мікола Статкевіч, Дашкевіч, Дзядок — шмат хто. Мы там правялі ноч.

І ўсе, хто там быў, — нас раніцай забралі і прывезьлі на мяжу. І ўсе, хто быў у «амэрыканцы», у ва ўсіх скралі пашпарты. То бок мы сюды прыехалі — ні ў каго няма пашпартоў. Забралі фатаздымкі, усе паперы, прыгаворы, сшыткі — забралі проста ўсё».

Перасьлед Ігара Лосіка

Ігара Лосіка арыштавалі ў яго дома ў Баранавічах раніцай 25 чэрвеня 2020 году, за паўтара месяца да дня прэзыдэнцкіх выбараў. Суд у справе Ігара скончыўся ў сьнежні 2021 году. Журналіста судзілі разам з папулярным блогерам і патэнцыйным апанэнтам Аляксандра Лукашэнкі Сяргеем Ціханоўскім, апазыцыйным палітыкам Міколам Статкевічам і іншымі вядомымі палітвязьнямі. Вынікам працэсу быў прысуд у выглядзе 15 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму паводле абвінавачаньняў у «арганізацыі масавых беспарадкаў» і «распальваньні варожасьці».

Праваабарончыя арганізацыі прызналі крымінальную справу і прысуд Ігару Лосіку палітычна матываванымі, а яго самога — палітычным зьняволеным.

За больш чым пяць гадоў зьняволеньня Ігар двойчы абвяшчаў галадоўку і двойчы спрабаваў нанесьці сабе цялесныя пашкоджаньні, пратэстуючы супраць несправядлівага прысуду і прэсінгу ў калёніі. Большую частку зьняволеньня Лосік правёў у наваполацкай калёніі, адміністрацыя якой паўтара году не дазваляла палітвязьню камунікаваць з роднымі і атрымліваць перадачы. Паводле зьвестак ад былых зьняволеных, у калёніі Ігара часта каралі зьмяшчэньнем у ПКТ (памяшканьне камэрнага тыпу).

Усе чатыры адвакаты Ігара Лосіка мусілі або выехаць з краіны, або разьвітацца з адвакацкай ліцэнзіяй. У кастрычніку 2022 году сілавікі арыштавалі жонку Ігара Дар’ю Лосік. Гэта адбылося неўзабаве пасьля таго, як Дар’я ў інтэрвію тэлеканалу “Белсат” расказала пра справу мужа і ўмовы, у якіх яго ўтрымліваюць. Дар’ю абвінавацілі ў «спрыяньні экстрэмісцкай дзейнасьці» і асудзілі на 2 гады пазбаўленьня волі. У ліпені 2024 году яна выйшла на волю.

У красавіку 2025 году сілавікі затрымалі малодшага брата Ігара — 25-гадовага Мікіту Лосіка. Яго абвінавацілі ў «спрыяньні экстрэмісцкай дзейнасьці» за нібыта перасылку некалькіх фота перасоўваньня расейскай вайсковай тэхнікі ў 2022 годзе тэлеграм-каналу «Беларускі Гаюн» і асудзілі на тры гады абмежаваньня волі. У ліпені Мікіта Лосік змог зьехаць зь Беларусі на тэрыторыю краіны Эўразьвязу.

Дачцэ Ігара Лосіка Паўліне сёлета споўнілася 6 гадоў. На момант арышту Ігара ёй было крыху больш за год.

Вызваленьня Ігара Лосіка патрабавалі міжнародныя арганізацыі, урады і палітыкі дэмакратычных краін: Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША, Рабочая група ААН, Эўрапарлямэнт, Хэльсынская камісія і Камісія правоў чалавека імя Тома Лантаса Кангрэсу ЗША і інш.

У траўні сусьветная кааліцыя мэдыяарганізацыяў One Free Press Coalition уключыла Ігара ў сусьветны топ-10 зьняволеных журналістаў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG