Дырэктар клінікі з Бостану зьвярнуўся да Лукашэнкі: не паўтарайце памылак ЗША!
Былы мянчук, уладальнік і дырэктар клінікі-сэрвісу сацыяльнага дагляду Right at Home ў Бостане (ЗША) Ўладзімер Зархін праз Радыё Свабода зьвярнуўся да Аляксандра Лукашэнкі з заклікам неадкладна ўвесьці ў Беларусі карантын.
«Масачусэтс, як і іншыя штаты, спазьніўся, — расказвае ён. — У выніку наша сыстэма аховы здароўя знаходзіцца цяпер у вельмі цяжкай сытуацыі — не хапае масак, не хапае пальчатак, не хапае іншых сродкаў індывідуальнай абароны. Больш за тое, тыя ўстановы, дзе жывуць пажылыя людзі — дамы састарэлых і спэцыялізаваныя шпіталі — сталі рассаднікамі новай інфэкцыі. Гэта адбылося таму, што своечасова не была праведзеная іх карантынізацыя. Адтуль хваля інфэкцыі пайшла на звычайныя бальніцы Бостана і цалкам захліснула іх. На гэтым тыдні мы чакаем пік сьмяротнасьці».
У Барысаве памёр 50-гадовы фэльчар хуткай дапамогі: пнэўманія і станоўчы тэст на каранавірус
У рэанімацыі 2-й клінічнай лякарні Барысава памёр фэльчар хуткай дапамогі Васіль Ліпілін. Яму было 50 гадоў.
Паводле калегі мэдыка, у мужчыны была двухбаковая пнэўманія і станоўчы вынік тэсту на каранавірус.
Ліпілін з жонкай жыў у аграгарадку Неманіца, за 10 кілямэтраў ад Барысава. Разам яны трымалі фэрмэрскую гаспадарку. Па словах калегі, Васіль адчуў сябе кепска 28 сакавіка. У яго паднялася высокая тэмпэратура, ён папрасіўся памяняцца зьменамі.
Да панядзелка 30 сакавіка паляпшэньня ня здарылася, ён зьвярнуўся ў паліклініку са скаргамі на тэмпэратуру і моцныя цягліцавыя болі.
4 красавіка Ліпіліна ў цяжкім стане даставілі ў рэанімацыю 2-й клінічнай лякарні Барысава, увечары таго ж дня падключылі да апарата штучнай вэнтыляцыі лёгкіх. Першы тэст на каранавірус даў адмоўны вынік, другі — станоўчы.
У калегаў з хуткай дапамогі як кантактаў першага ўзроўню таксама ўзялі мазкі, аднак яны працягваюць працаваць. Трое зь іх цяпер знаходзяцца на бальнічным зь невялікай тэмпэратурай і сымптомамі вострай рэсьпіраторнай віруснай інфэкцыі.
Беларусы ў пандэміі: «немцы» ці «швэйкі»?
Ці дэманструюць беларусы сваю цягу да парадку падчас пандэміі, сваё азначэньне як «усходнеславянскіх немцаў»? Ці ўводзіцца ў Беларусі «паўзучы» карантын? Калі ў Беларусі будзе ўведзены карантын, ці будуць беларусы выконваць яго ўмовы ці паводзіць сябе, як Швэйк?
Па гэтых пытаньнях у «Праскім акцэнце» спрачаюцца аглядальнік Свабоды Дзьмітры Гурневіч і намесьнік рэдактара газэты «Наша ніва» Зьміцер Панкавец.
Гурневіч
- Пандэмія паказала, што мы паводзім сябе не як немцы, а як партызаны.
- Беларусы ў масе сваёй не паверылі ў пагрозу пандэміі. І не таму, што так сказаў Лукашэнка і тэлевізар.
- Я днямі адважыўся праехаць у мэтро ў Празе і быў адзіным чалавекам у вагоне.
- Ня ўсім у Чэхіі падабаецца карантын, людзі страчваюць працу. Але выбару іншага няма.
- Я быў бы за варыянт, каб людзі самі сябе абмяжоўвалі.
Панкавец
- Мы фанатыкі орднунгу зь вялікай умоўнасьцю.
- Літаральна за тыдзень колькасьць людзей у масках вырасла ў разы.
- Мяне, па шчырасьці, зьдзіўляе, калі 30-гадовыя бугаі сыходзяць у самаізаляцыю.
- Незразумела, якім чынам усе краіны, якія ўвялі дастаткова жорсткія меры, будуць зь іх выходзіць.
- Няўжо людзі не разумеюць, што беларускі карантын — гэта будзе не траваедны карантын, як у Вялікай Брытаніі ці Чэхіі.
Ужо 16 памерлі. У Беларусі прызналі 1486 выпадкаў каранавірусу, плюс 420 за дзень
Паводле БелТА, на 6 раніцы 9 красавіка (магчыма, статыстыка актуальная на вечар 8-га — Мінздароўя атрымлівае зьвесткі ў 8 раніцы і 18 вечара):
- 1331 пацыентаў з каранавірусам шпіталізаваныя;
- 139 выпісаныя здаровымі;
- памерлі 16 інфікаваных каранавірусам — прызнаныя тры новыя сьмерці;
- разам гэта дае 1486 прызнаных выпадкаў — плюс 420 выпадкаў за дзень;
- у краіне праведзена з пачатку эпідэміі звыш 49 тысяч тэстаў на новы каранавірус.
Статыстыка па абласьцях на 9 красавіка выглядала наступным чынам (паводле дзяржаўнага агенцтва БелТА, міністэрства такой не публікуе):
- Менск — 699 чалавек шпіталізавана, 102 выпісаныя, 6 памерлі.
- Менская вобласьць — 153 шпіталізаваныя, 1 выпісаны, 3 памерлі.
- Віцебская вобласьць — 364 шпіталізаваныя, 35 выпісаныя, 7 памерлі.
- Гомельская вобласьць — 35 шпіталізаваных, 1 выпісаны, 0 памерлых.
- Магілёўская вобласьць — 35 шпіталізаваных, выпісаных і памерлых няма.
- Горадзенская вобласьць — 28 шпіталізаваных, выпісаных і памерлых няма.
- Берасьцейская вобласьць — 17 шпіталізаваных, выпісаных і памерлых няма.
Пакет дапамогі ЭЗ для краінаў сьвету на барацьбу з COVID-19 дасягне 20 мільярдаў эўраў
Эўразьвяз выдзеліць агулам больш за 20 мільярдаў эўраў на дапамогу краінам-партнэрам у барацьбе з пандэміяй каранавірусу SARS-CoV-2.
Пра гэта вярхоўны прадстаўнік ЭЗ у замежных справах і палітыцы бясьпекі Жазэп Барэль заявіў пасьля відэаканфэрэнцыі з эўрапейскімі міністрамі разьвіцьця 8 красавіка. «Вірус яшчэ не пераможаны, пакуль яго не перамогуць усюды», — падкрэсьліў Барэль.
Новыя дабрачынныя ініцыятывы ў Менску прапануюць жыльлё мэдыкам на час пандэміі
Кампанія «Хоммитс Глобал» прапануе мэдыкам пры патрэбе ствараць на сайце заяўкі на жыльлё падчас эпідэміі, а ўласьнікам кватэр далучацца да ініцыятывы і прапаноўваць сваю нерухомасьць на спэцыяльных умовах для людзей з групаў рызыкі. Падрабязнасьці тут>>
Грэка-католікі Менску замест агульнай службы на Вялікдзень ладзяць пяць меншых
Кіраўнік БГКЦ, Апостальскі візытатар для грэка-католікаў у Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек расказаў Радыё Свабода, зь якімі засьцярогамі царква рыхтуецца адзначыць Вялікдзень 12 красавіка.
ByCovid19 перадалі беларускім мэдыкам тысячы халатаў і рэсьпіратараў. Шукаюць грошы на «процічумныя касьцюмы»
Адзін зь лідэраў грамадзкай ініцыятывы ByCovid19 Андрэй Стрыжак расказаў пра вынік дзейнасьці кампаніі — «лічбы, у якія ня можаш паверыць». Паводле Стрыжака, актывісты перадалі беларускім мэдыкам:
- 10 канцэнтратараў кіслароду (кожны каштаваў 2340 рублёў);
- 2600 аднаразовых хірургічных халатаў;
- 1000 рэсьпіратараў ffp1 і 1270 рэсьпіратараў ffp2, а таксама самаробныя ахоўныя маскі (вытворчасьці актывістаў «Хакерспэйсу») у шумілінскую лякарню;
- тры пральныя машыны для лякарняў (дзякуючы крамам «Электрасіла»), пральныя парашкі і мыйныя сродкі (дзякуючы крамам «Міла» і сэрвісу «Е-дастаўка»);
- 40 літраў канцэнтрату, зь якога можна зрабіць дзьве тоны дызынфэкцыйнага раствору.
Цяпер кампанія прымае заяўкі на дапамогу ад лекараў, зьбірае спонсарскую дапамогу, сродкі на Molamola і праз іншыя шляхі.
З тэрміновых патрэбаў — «процічумныя касьцюмы». Для брыгадаў «хуткай дапамогі» патрэбна 500 ахоўных касьцюмаў, каштуе такая партыя 10 500 рублёў.
«Будуць выконваць, што гаворыць прэзыдэнт, — будуць здаровыя». Што думаюць у Менску пра карантын. ВІДЭА
Мы спыталі ў мінакоў на вуліцах Менску, чаму, на іх думку, улады Беларусі не абвяшчаюць у краіне карантын, як гэта зроблена ў большасьці іншых краін у сувязі з пандэміяй каранавірусу.
«На гармоніку граў 2 тыдні». Падазрэньне на каранавірус у санаторыі МУС на Нарачы
Санаторый «Белая Русь» на Нарачы, які належыць Міністэрству ўнутараных спраў, прыпыніў прыём адпачывальнікаў, бо ў аднаго з пацыентаў падазраюць каранавірус.
«Так, пакуль нікога не прымаем і, хутчэй за ўсё, часова закрыемся», — сказала супрацоўніца санаторыя. Паводле яе, інфікаваны — пэнсіянэр зь Віцебску. Падрабязнасьці тут>>
«Яны ня могуць папрасіць дапамогі адкрыта». Рэпартаж з Шуміліна, дзе ўсе носяць маскі, а настаўніцы шыюць камбінэзоны лекарам
Афіцыйна вядома толькі пра аднаго хворага на каранавірус жыхара райцэнтру Шуміліна ў Віцебскай вобласьці.
Неафіцыйна паведамляюць, што каранавірусам тут заразіліся нават мэдыкі раённай лякарні.
Рэпартаж і фота Свабоды з Шуміліна — па спасылцы>>
Што адбываецца ў Бешанковічах? Цэнтры гігіены і эпідэміялёгіі «на дыстанцыйнай працы», кіраўніцтва райвыканкаму «на бальнічным»
Бешанковіцкі раённы цэнтар гігіены і эпідэміялёгіі (Віцебская вобласьць) працуе дыстанцыйна, паведаміў намесьнік старшыні мясцовага райвыканкаму Сяргей Аўчыньнікаў. Аднак патлумачыць прычыны ён адмовіўся.
У райвыканкаме сказалі, што цяпер «на бальнічным» старшыня райвыканкаму і два намесьнікі старшыні. Ці зьвязана гэта з каранавірусам, не патлумачылі. У кіраўніцы аддзелу ідэалягічнай працы, якая таксама на бальнічным, «прастуда». Паводле інфармацыі мясцовага выданьня Beshankovichy.by, у Бешанковіцкім раёне рэзка вырасла колькасьць хворых на пнэўманію. Цалкам чытайце тут >>
У Віцебскім абласным цэнтры эпідэміялёгіі і гігіены сказалі, што Бешанковіцкі раённы цэнтар гігіены «на ізаляцыі на два тыдні», аднак таксама не патлумачылі прычыны.
Міністар здароўя Беларусі: На пік захворваньня COVID-19 выйдзем у канцы красавіка – пачатку траўня
Паводле разьлікаў Міністэрства аховы здароўя, на пік захворваньня каранавірусам Беларусь выйдзе ў канцы красавіка ці ў пачатку траўня. На пытаньне, ці мае міністэрства мэтодыку прагназаваньня сытуацыі і разьліку піку захворваньня, міністар здароўя Ўладзімер Каранік адказаў, што існуе і адпаведная мэтодыка, і плян дзеяньняў пры розных варыянтах.
Каранавірус: на Беларускім мэталюргічным заводзе вымушаныя водпускі, але не ва ўсіх
На Беларускім мэталюргічным заводзе ў Жлобіне Свабодзе паведамілі пра зьніжэньне вытворчай актыўнасьці на фоне пандэміі каранавірусу. Пэўным катэгорыям супрацоўнікаў па жаданьні даецца магчымасьць цягам красавіка ўзяць 5 дзён водпуску з захаваньнем заробку ў памеры 2/3 ад тарыфнага акладу.
Адпачынкі і ў Магілёве
Калектыў Магілёўскага мэталюргічнага заводу адправілі ў водпуск з аплатай заробку паводле 2/3 тарыфнай стаўкі. Пасьля публікацыяў у незалежнай прэсе рабочых былі адклікалі з адпачынкаў, але празь дзень іх азнаёмілі з загадам, паводле якога прадпрыемства будзе прастойваць да 12 красавіка «ў сувязі з праблемамі са збытам прадукцыі, выкліканымі карантынам у суседніх краінах».
Прадстаўнік WHO заклікаў Беларусь разгледзець больш жорсткія віды дыстанцыяваньня — аж да карантыну
Прадстаўнік Сусьветнай арганізацыі здароўя ў Беларусі Батыр Бердыклычаў адзначыў, што з 30-31 сакавіка ў Беларусі ідзе рэзкі рост захваральнасьці, і заявіў, што ў краіне важна прыняць больш жорсткія меры сацыяльнага дыстанцыяваньня ў сувязі з пандэміяй каранавірусу да наступленьня піку захворваньняў: перавод на дыстанцыйнае навучаньне, забарона масавых мерапрыемстваў, аж да ўвядзеньня карантыну, паведамляе Tut.by.
«Калі глядзець на досьвед краін, якія прайшлі гэты шлях, з 4-6-га тыдня ідзе экспанэнтны рост выпадкаў. А да 8-га тыдня падыходзяць да піку. Для Беларусі гэта наступны этап. Гэта этап не завезеных выпадкаў, а перадачы сярод мясцовага насельніцтва. Чакаем далейшага росту», — сказаў ён.
Італія зьбіраецца зьняць некаторыя абмежаваньні ў красавіку
Прэм’ер-міністар Італіі Джузэпэ Контэ заявіў, што ў канцы красавіка Італія можа пачаць паступова здымаць некаторыя абмежаваньні, уведзеныя для спыненьня эпідэміі COVID-19. 9 сакавіка Італія ўвяла агульнанацыянальную забарону на грамадзкія кантакты. Праз два тыдні Контэ абвясьціў, што менш важныя прадпрыемствы, уключаючы вытворчасьць аўтамабіляў, адзеньня і мэблі, павінны спыніцца.
Агульная колькасьць заражаных каранавірусам людзей у Італіі складае амаль 140 тысяч; колькасьць сьмерцаў ад пандэміі — амаль 18 тысяч.
Лукашэнка: На пажарах у разы больш гіне, чым ад каранавірусу
Паводле Лукашэнкі, на пажарах «у разы больш гіне», чым ад каранавірусу.
Лукашэнка паўтарыў, што ў барацьбе з каранавірусам «для нас найважнейшы элемэнт — гэта эканоміка», а каранавірус — «усё гэта сыдзе, яно ўжо сыходзіць, вы бачыце, у Эўропе што адбываецца». Цалкам чытайце тут >>
«Ён дыхае кіслародам, стан сярэдняй цяжкасьці». Як пачуваецца муж першай менскай ахвяры каранавірусу
У 65-гадовага Яўгена Дзеравянкі, мужа першай ахвяры каранавірусу ў Менску Вольгі Дзеравянкі, таксама пацьвердзілі каранавірус.
«Ён дыхае кіслародам; як і ва ўсіх, стан сярэдняй цяжкасьці. Яго перавялі ўжо ў 6-ю лякарню. Спадзяемся, што ён паправіцца, кіслароду яму хапае, ён даволі моцны і без хранічных захворваньняў. Перад гэтым тэлефанаваў, дык голас быў хрыплы. Пакуль стараемся яго не турбаваць. Будзем спадзявацца на лепшае», — сказаў Мікалай. Цалкам чытайце па спасылцы >>
Каранавірус: у менскім СІЗА сустрэчы з адвакатамі перавялі на рэжым «праз шкло»
У СІЗА нумар 1 на вуліцы Валадарскага ў Менску, дзе трымаюць некалькі дзясяткаў падазраваных у злачынствах і падсудных, усе сустрэчы адвакатаў зь іх кліентамі цяпер адбываюцца толькі праз шкло з выкарыстаньнем тэлефонных слухавак.
«Гэта прынята ў сувязі з каранавірусам», — сказаў карэспандэнту Свабоды дзяжурны СІЗА. Больш атрымаць інфармацыі пра захады, прынятыя ў СІЗА ў сувязі з пандэміяй COVID-19, не ўдалося.
Беларускі турбізнэс просіць падтрымкі ўраду ва ўмовах пандэміі. 6 прапаноў
Міністэрства спорту і турызму разам з Рэспубліканскімі саюзамі турыстычнай індустрыі і турыстычных арганізацый стварылі працоўную групу, якая падтрымае галіну ў складаны пэрыяд. Пакет прапановаў ужо накіраваны ва ўрад.
Паводле кіраўніцы рады Рэспубліканскага саюзу турыстычных арганізацый Аксаны Бічун, сярод прапанаваных антыкрызісных захадаў:
- адтэрміноўка абавязаньняў па раней заключаных дамовах з кліентамі,
- зьніжэньне з 20% да 10% ПДВ для гатэляў,
- абмежаваньне камісіі банкаў,
- паслабленьні па арэнднай плаце,
- падатковыя вакацыі на 6 месяцаў на ўсе віды падаткаў
- мараторый да 31 сьнежня на прыняцьце падатковымі органамі рашэньняў аб арышце рахункаў суб’ектаў галіны.