Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шпіталь для лячэньня пацыентаў з каранавірусам, уладкаваны ў школьнай спартовай залі ў Бішкеку, Кіргізстан
Шпіталь для лячэньня пацыентаў з каранавірусам, уладкаваны ў школьнай спартовай залі ў Бішкеку, Кіргізстан

Пандэмія каранавірусу ў Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі

абноўлена

Карысныя парады

09:30 12.4.2020

Пляны на пуск БелАЭС: першы энэргаблёк у ліпені, першая энэргія ў верасьні-кастрычніку

Фізычны пуск першага энэргаблёку Беларускай атамнай электрастанцыі ў Астраўцы арыентуюць на ліпень 2020 году, а «энэргетычны пуск», калі з АЭС пачне паступаць электрычнасьць, чакаюць у верасьні-кастрычніку 2020 году.

Пра гэта ў эфіры дзяржаўнага тэлеканалу АНТ расказаў міністар энэргетыкі Віктар Каранкевіч. Даты ён называў ня як дакладныя, а як прыблізныя. Ён адзначыў, што графік могуць яшчэ скарэктаваць, і на новыя ўмовы будуць «глядзець і апэратыўна рэагаваць».

08:55 12.4.2020

Лічбы на раніцу 12 красавіка

  • У сьвеце зафіксавалі каля 1,78 мільёна выпадкаў COVID-19: 533 тысячы ў ЗША, 163 тысячы ў Гішпаніі, 152 тысячы ў Італіі, 130 тысяч у Францыі, 125 тысяч ў Нямеччыне, 83 тысячы ў Кітаі, каля 79 тысяч у Вялікай Брытаніі, 70 тысяч у Іране, 52 тысячы ў Турэччыне.
  • Ад хваробаў, якія выклікаў новы каранавірус, у сьвеце памерлі 108 838 чалавек. Зь іх 20 580 у ЗША, 19 468 у Італіі, 16 606 у Гішпаніі, 13 832 у Францыі, 9875 у Вялікай Брытаніі, 4357 у Іране, 3343 у Кітаі.
  • Выпісалі 404,5 тысячы пацыентаў, якіх вылекавалі ад COVID-19. «Актыўных выпадкаў» хваробы застаецца больш за 1,27 млн, зь іх 50,5 тысячы ў цяжкім стане.
  • У Беларусі, паводле афіцыйных зьвестак на 11 красавіка, пацьверджаны 2226 выпадкаў COVID-19, памерлі 23 чалавекі, выпісаныя здаровымі 172 пацыенты, за суткі выяўленыя 245 новых выпадкаў. Лекары ананімна заяўляюць, што ня ўсім хворым ставяць адпаведны дыягназ. Мінздароўя не залічвае ў памерлых ад COVID-19 тых, у каго вірус «элімінавалі», а яны ўсё роўна памерлі.
21:37 11.4.2020

САЗ раіць спыніць масавыя імпрэзы ў Беларусі; больш за 2 тысячы сьмерцяў праз каранавірус за суткі ў ЗША. Вынікі 11 красавіка

Мы сабралі для вас навіны зь Беларусі і сьвету, датычныя каранавірусу, за 10 красавіка.

  • ЗША сталі першай краінай у сьвеце, дзе за суткі ад каранавірусу памерлі больш за 2 тысячы чалавек.
  • Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп падпісаў дакумэнт, паводле якога змогуць уводзіць візавыя санкцыі супраць краінаў, якія не вывозяць сваіх грамадзян ці зацягваюць працэс эвакуацыі падчас пандэміі каранавірусу.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе спыніць масавыя мерапрыемствы ў Беларусі і адмовіцца ад масавых збораў людзей, сказаў прадстаўнік САЗ Патрык О’Конар на брыфінгу ў Менску. Прадстаўнікі САЗ таксама выказалі дапушчэньне, што змаганьне з каранавірусам можа працягнуцца яшчэ 12–18 месяцаў.
  • У Беларусі лябараторна пацьверджаны 301 выпадак заражэньня медыцынскіх работнікаў, паведаміў міністар аховы здароўя Ўладзімер Каранік на брыфінгу ў Менску. Ён дадаў, што штучная вэнтыляцыя лёгкіх у Беларусі цяпер праводзіцца 111 пацыентам з пнэўманіяй.
  • У рэанімацыі Пінскай раённай лякарні памёр журналіст «Медиа-Полесье» Васіль Мацкевіч. У яго раней бралі тэст на каранавірус.
  • На каранавірус у Беларусі захварэлі 2226 чалавек, 23 чалавекі памерлі, паводле афіцыйнай інфармацыі Міністэрства здароўя.
  • Краіны-суседзі Беларусі працягнулі карантынныя захады ў сувязі з каранавірусам, у тым ліку, падоўжылі тэрмін, калі нельга прыяжджаць іншаземцам.
  • Беларуская праваслаўная царква раіць хворым людзям не хадзіць у храмы і ўхваляе паводзіны тых, хто перайшоў у самаізаляцыю для прафіляктыкі.

21:29 11.4.2020

Тлумачым, як працуюць апараты штучнай вэнтыляцыі лёгкіх і чаму яны цяпер найбольш запатрабаваныя

19:27 11.4.2020

ЗША увядуць візавыя санкцыі супраць краін, якія зацягваюць эвакуацыю

ЗША змогуць уводзіць візавыя санкцыі супраць краінаў, якія не вывозяць сваіх грамадзян ці зацягваюць працэс эвакуацыі падчас пандэміі каранавірусу.

Адпаведны дакумэнт падпісаў прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп. Абмежаваньні будуць адмяняцца, калі краіны адновяць вываз сваіх грамадзян, гаворыцца ў мэмарандуме.

19:17 11.4.2020

Чэскі экспэрт перасьцерагае ад хуткага вяртаньня да «нармальнага жыцьця»

Чэскі біёляг і паразытоляг Яраслаў Флегр перасьцерагае чэскіх палітыкаў, што хуткае вяртаньне да «нармальнага жыцьця» пасьля таго, як колькасьць заражэньняў каранавірусам пачне паніжацца, можа каштаваць шмат чалавечых жыцьцяў, якія можна ўратаваць, захоўваючы цяперашнія абмежаваньні грамадзкага жыцьця і карантынныя правілы.

«Мы павінны быць надзвычай асьцярожнымі, што тычыцца таго, як хутка ўпусьціць вірус у нашу папуляцыю», — сказаў Флегр інтэрнэт-рэсурсу Aktualne.cz.

Цалкам чытаць тут.

18:31 11.4.2020

Мельянцоў: Перад пагрозай голаду беларус пойдзе не на плошчу, а пасадзіць утрая больш бульбы

Палітоляг, каардынатар рады ў міжнародных дачыненьнях ініцыятывы «Менскі дыялёг» Дзяніс Мельянцоў пра антрапалягічны сэнс пандэміі.

  • Карантынныя меры на буйных прадпрыемствах Беларусі прывядуць да каляпсу эканомікі
  • Гуманнасьць — яна звычайна для мірнага сытага часу. У складаныя часы дамінуе лёгіка выжываньня
  • У выпадку, калі эпідэмія набудзе катастрафічныя маштабы, менавіта прэзыдэнт у вачах беларусаў будзе несьці пэрсанальную адказнасьць за сьмерці людзей
  • І Захад, і Расея, і Кітай выйдуць з эпідэміі настолькі аслабленымі, што ім будзе не да вайны
  • Узрасьце расчараваньне інтэграцыяй і глябалізацыяй
18:29 11.4.2020

6 каранавірусаў на адну сям’ю, бацька памёр. Паразмаўлялі з хлопцам, які адкрыта распавядае пра сваю хваробу

Яшчэ нядаўна Дзьмітры Касьцючэнка жыў звычайным жыцьцём: хадзіў у краму, на вуліцу і трэніроўкі. Але раптам усё зьмянілася. Цяпер хлопец ляжыць у шпіталі з каранавіруснай інфэкцыяй і вядзе Тэлеграм-канал пра сваю хваробу. Яго дзяўчына Ганна і яе маці чакаюць вынікаў аналізу, а бацька каханай памёр праз каранавірус 3 красавіка.

17:05 11.4.2020

Каля 1000 чалавек ляжаць з пнэўманіяй у Віцебску. Летась было 600

Штогод у канцы эпідэмічнага сэзону мэдыкі назіраюць павелічэньне колькасьці пнэўманій. Аднак сёлета ў Менску, Віцебску і Віцебскай вобласьці пнэўманій болей чым звычайна. Гэта зьвязаны ў тым ліку і з каранавіруснай пнэўманіяй.

Пра гэта паведаміў міністар аховы здароўя Ўладзімер Каранік падчас прадстаўленьня справаздачы Сусьветнай арганізацыі здароўя па сытуацыі з COVID-19 у Беларусі.

«Па Віцебску каля тысячы пнэўманій на сёньня, — сказаў міністар. — За летась пікавае значэньне па Віцебску было ў раёне 600». Па яго словах, рост пнэўманій зьвязаны таксама і зь цёплай зімой, бо праз гэта эпідэмічны ўздым пасунуўся на больш позьні пэрыяд.

16:36 11.4.2020

Кіраўнік місіі САЗ: Беларусі трэба прыкласьці больш намаганьняў для распаўсюджваньня дадзеных аб сытуацыі з каранавірусам


Беларусі трэба прыкладаць больш намаганьняў для распаўсюджваньня дадзеных аб сытуацыі з каранавірусам, паведаміў кіраўнік місіі эўрапейскага рэгіянальнага бюро САЗ Патрык О’Конар на брыфінгу ў Менску 11 красавіка.

Паводле яго слоў, гэта трэба для таго, каб у выпадку неабходнасьці ўвядзеньня нейкіх новых мер насельніцтва разумела, дзеля чаго гэта робіцца. «Дадзеныя павінны быць адкрытыя і зразумелыя, паведамленыя простай мовай», — адзначыў ён.

16:34 11.4.2020

Каранік: Тэставаньне на COVID-19 на платнай аснове можа быць зроблена пры наяўнасьці магчымасьцяў

Калі ў беларускай сыстэмы аховы здароўя зьявяцца рэзэрвовыя магутнасьці, у краіне можа быць укаранёна тэставаньне на платнай аснове для ўсіх жадаючых, паведаміў міністар аховы здароўя Уладзімір Каранік на брыфінгу ў Менску 11 красавіка.

16:24 11.4.2020

САЗ пра парад у Менску: мы рэкамэндуем спыніць масавыя мерапрыемствы і масавыя зборы людзей

Сусьветная арганізацыя аховы здароўя рэкамэндуе спыніць масавыя мерапрыемствы ў Беларусі, сказаў прадстаўнік СААЗ О’Конар, адказваючы на пытаньне пра тое, як арганізацыя ставіцца да правядзеньне ў Менску вайсковага параду.

"Як ужо казалася раней, мы ўваходзім у новую фазу эпідэміі, успышкі і барацьбы зь ёй, — сказаў О’Конар. — Паўтаруся, што нашыя рэкамэндацыі па выніках гэтай місіі [ ] накіраваныя на спыненьне масавых мерапрыемстваў і масавых збораў людзей. Гэта тое, пра што цяпер у першую чаргу варта задумацца. Паколькі мы ўступаем у даволі цяжкія часы з новай дынамікай росту выпадкаў, таму трэба пільна падыходзіць да таго, якім чынам мы можам забясьпечыць, што сыстэма аховы здароўя ня будзе перагружаная і якім чынам мы зможам запаволіць распаўсюд (COVID-19 — РС).

16:01 11.4.2020

Супрацьэпідэміялягічныя мерапрыемствы якія праводзяцца ў Беларусі, зьніжаюць хуткасьць распаўсюджваньня каранавірусу па краіне, заявіў міністар аховы здароўя Уладзімір Каранік на брыфінгу ў Менску 11 красавіка.

Адной з дзейсных мер кіраўнік Міністэрства аховы здароўя лічыць самаізаляцыю. Аднак, паводле яго слоў, не ўсе грамадзяне гатовыя выконваць яе ўмовы. «Падчас праверкі, мы выявілі, што да 15% людзей самаізаляцыю не выконваюць. Мы не маглі знайсьці іх дома на працягу сутак, — адзначыў ён. — Таму мы ўвялі меры адказнасьці».

15:56 11.4.2020

Асноўныя тэзысы прэсавай карфэрэнцыі САЗ і Мінздароўя

  • Прадстаўнік САЗ О’Конар: Што да ўвядзеньня карантыну, мы рэкамэндуем дадатковыя меры па фізычнаму дыстанцыяваньню. Гэта не камэнданцкі час. Трэба спыніць грамадзкія мерапрыемствы.
  • Уладзімер Каранік: У нас праводзіцца пастаянна аналіз і прагназаваньне сытуацыі.
  • 3,5 тысячы адзінак апаратаў для падтрымкі працы лёгкіх ёсьць у краіне.
  • На сёньня задзейнічана 111 апаратаў ШВЛ, але гэта і пацыенты з каранавірусам, і з пнэўманіямі.
15:43 11.4.2020

Кіраўнік Міністэрства аховы здароўя: У Беларусі пацьверджаны 301 выпадак заражэньня мэдыкаў каранавірусам COVID-19

На сёньняшні дзень у Беларусі лябараторна пацьверджаны 301 выпадак заражэньня медыцынскіх работнікаў, паведаміў міністар аховы здароўя Уладзімір Каранік на брыфінгу ў Менску 11 красавіка.

Паводле яго слоў, больш за ўсё заражаных работнікаў сыстэмы аховы здароўя ў Мінскай і Віцебскай абласьцях.

Большасьць інфіцыраваных знаходзяцца ў здавальняючым стане. Па дадзеных на раніцу 11 красавіка ніхто іх іх не знаходзіцца на апараце штучнай вэнтыляцыі лёгкіх.

15:03 11.4.2020

Вынікі візыту Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя ў Беларусь. УЖЫВУЮ

Экспэрты Эўрапэйскага рэгіянальнага бюро Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя даюць брыфінг па выніках працы місіі СААЗ, якая праходзіла ў Беларусі з 8 да 11 красавіка.

14:31 11.4.2020

Google і Apple створаць тэхналёгію, каб адсочваць кантакты людзей з каранавірусам

Гэта не паўплывае на бясьпеку карыстальнікаў і не парушыць іхняга права на недатыкальнасьць асабістага жыцьця, запэўніваюць кампаніі. Праца па запуску новай тэхналёгіі можа заняць некалькі месяцаў, паведамляе РБК.

Google і Apple аб’яднаюцца, каб стварыць тэхналёгію, якая дапаможа выявіць, з кім кантактавалі людзі з каранавірусам. Заявы пра гэта зьявіліся на сайтах абедзьвюх кампаній.

Новая тэхналёгія дапаможа ўладам краінаў стрымаць пашырэньне каранавірусу і дапаможа выявіць кантакты хворага чалавека. Ейны запуск пройдзе ў два этапы.

На першым этапе створаць праграмны інтэрфэйс, які забясьпечыць узаемадзеяньне паміж прыладамі, якія працуюць на Android і iOS. Гэта дазволіць карыстальнікам усталёўваць афіцыйныя прыкладаньні сыстэм аховы здароўя. Гэтую працу кампаніі плянуюць скончыць у траўні.

На другім этапе кампаніі будуць працаваць над адмысловай плятформай на аснове Bluetooth, якая будзе адсочваць кантакты тых, хто захварэў.

«Заява аб прыватнасьці, празрыстасьць і добрая воля маюць першараднае значэньне ў межах гэтай ініцыятывы», — гаворыцца ў паведамленьні кампаній. На рэалізацыю гэтага этапу плянуецца выдаткаваць некалькі месяцаў.

14:12 11.4.2020

Хто лічыцца кантактамі 1 і 2 узроўню. Міністэрства аховы здароўя вызначылася з крытэрамі

Міністэрства аховы здароўя Беларусі абвясьціла крытэрыі, паводле якіх людзей будуць лічыць кантактам 1 або 2 узроўню з людзьмі, хворымі на каранавірус. Пастанаўленьне апублікаванае на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале Беларусі.

Да кантактаў першага ўзроўню адносяцца людзі, якія цесна кантактавалі з чалавекам, хворым на каранавірус, цягам апошніх 14 дзён ад даты апошняга кантакту да даты, калі той атрымаў станоўчы дыягназ COVID-19:

  • якія жылі зь ім у адной кватэры, аднакватэрным жылым доме, пакоі (блёку) у інтэрнаце, санаторна-курортнай і аздараўляльнай арганізацыі, установе закрытага тыпу, нумары гатэлю;
  • якія вучацца ў адной клясе або групе, пэдагогі ва ўстанове адукацыі;
  • калегі, якія працуюць у адным памяшканьні;
  • пацыенты, якія знаходзяцца ў адной палаце ў лякарні;
  • работнікі арганізацый аховы здароўя, якія аказвалі дапамогу пацыенту і даглядалі за ім без выкарыстаньня камплекту біялягічнай абароны;
  • пасажыры, якія знаходзіліся з пацыентам у адным купэ (купэйны, спальны вагон або СВ) і адным адкрытым пасажырскім адсеку (пляцкартны вагон) у цягніку або якія займалі месца ў межах двух шэрагаў крэслаў па суседзтве ад крэсла, дзе знаходзіўся чалавек з COVID-19 у салёне паветраных судоў, мэханічных або іншых транспартных сродкаў.

Да кантактаў другога ўзроўню адносяцца іншыя людзі, якія, магчыма, кантактавалі з чалавекам, хворым на каранавірус, цягам апошніх 14 дзён ад даты апошняга кантакту да даты, калі той атрымаў станоўчы дыягназ COVID-19:

  • па месцы жыхарства, часовага прабываньня;
  • вучобы, працы, аказаньня мэдычнай дапамогі і інш.;
  • работнікі арганізацый аховы здароўя, якія аказвалі мэдычную дапамогу пацыенту і даглядалі за ім з выкарыстаньнем камплекту біялягічнай абароны.

Да таго ж, Міністэрства аховы здароўя ўсталявала парадак, паводле якога шэрагу людзей будуць выдаваць патрабаваньні, як сябе паводзіць і самаізалявацца. Хворым на каранавірус і іхнім кантактам 1 і 2 узроўню гэтыя патрабаваньні будуць афармляць лекары; людзям, што прыбылі з краін, дзе ўжо ёсьць COVID-19, – памежнікі.

Патрабаваньне аб самаізаляцыі афармляюць у двух экзэмплярах. Адзін асобнік цягам содняў перадаюць чалавеку, якому належыць самаізаляцыя, другі – далучаюць да мэдычнай дакумэнтацыі ў паліклініцы.

13:46 11.4.2020

У Пінску памёр журналіст «Медиа-Полесье» Васіль Мацкевіч. У яго ўзялі тэст на каранавірус

Раніцай 11 красавіка ў рэанімацыі Пінскай раённай лякарні памёр журналіст «Медиа-Полесье» Васіль Мацкевіч.

У 4.32 раніцы Васіль Мацкевіч напісаў у рэдакцыйны чат, што ён знаходзіцца ў лякарні, паведамляе «Медиа-Полесье».

Аб тым, што ён кепска сабе адчувае журналіст паведаміў яшчэ 9 красавіка.
Факт сьмерці раніцай пацьвердзілі рэдактару сайта Сьвятлане Гарда, на пытаньне аб прычынах сьмерці ў лякарні спаслаліся на таямніцу здароўя.

Дагэтуль пра сьмерць Васіля Мацкевіча паведамілі ягонай сястры.
Таксама рэдактару «Медиа-Полесье» паведамілі ў Пінскім цэнтры гігіены і эпідэміялёгіі, што будуць праводзіць дэзынфэкцыю офісу рэдакцыі.

У Васіля Мацкевіча ўзялі тэст на каранавірус. Па словах ягонай жонкі Ірыны, гэта адбылося 7-8 красавіка. Сына Васіля – Адама, які кантактаваў з бацькам тры дні таму таксама паклалі ў лякарню. Васілю Мацкевічу было 46 гадоў, ён працаваў на сайце «Медиа-Полесье» з моманту ягонага адкрыцьця.

13:08 11.4.2020

Колькасьць выяўленых выпадкаў COVID-19 у суткі. Адным графікам

За апошнія суткі ў Беларусі выявілі каранавірус у 245 чалавек. Як зьмяняўся графік новых выпадкаў за суткі з пачатку пандэміі.

Першы выпадак захворваньня на каранавірус у Беларусі зафіксавалі 28 лютага. Глядзім, як зьмяняўся графік новых выпадкаў захворваньня.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG